МІНСК, 15 чэр — Sputnik. "Пелікан" — адна з пазнейшых, камерных п'ес вялікага шведскага драматурга Аўгуста Стрындберга.
Галоўная гераіня Эліза — маці сямейства — пэўны час параўноўвае сябе з пеліканам, прыгожай і загадкавай птушкай, якая, згодна з легендай, у бязвыхадных сітуацыях корміць сваіх дзяцей уласнай крывёю. Насамрэч, Эліза ўвесь час падманвае сваіх блізкіх, абкрадвае і здраджвае мужу, эканоміць на дзецях…
І толькі з пасмяротнага ліста бацькі дзеці даведваюцца пра жахлівы падман маці. Як жыць дзецям з гэтаю праўдаю, і як гэта навіна паўплывае на лёс усяго сямейства?
Спектакль "Пелікан", жанр якога вызначаецца як ода злачыннай жарсці, пастаўлены рэжысёрам Аляксандрам Гарцуевым.
Над спектаклем працавалі мастак-пастаноўшчык Юрый Саламонаў, мастак па касцюмах Валянціна Няборская, кампазітар Дзмітрый Фрыга, рэжысёр па пластыцы Яўген Карняг, мастак па святлу Сямён Давыдзенка.
Ролі выконваюць Людміла Сідаркевіч, Арцём Курэнь, Ганна Семяняка, Максім Брагінец, Галіна Чарнабаева.
Прэм'ерныя паказы спектакля адбудуцца 22 і 23 чэрвеня 2016 года а 19-тай гадзіне ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі па адрасе вул. Крапоткіна, 44, Мінск.