Вера Дашкевіч, Sputnik.
За пяць хвілін да пачатка вечара юбіляр, легенда беларускага радыё Ілля Курган, яшчэ сядзеў на вуліцы ў атачэнні дам і прымаў віншаванні: букет ад чароўнай паненкі гадоў сямі і прызнанні ад шаноўнай пасівелай лэдзі.
Дама ва ўзросце некалькі разоў паўтарыла, што з дзяцінства памятае знакамітае "Увага, гаворыць Мiнск. Ля мiкрафона Iлля Курган", чым нямала збянтэжыла юбіляра.
"А колькі ж вам год?" — Курган нiбыта так і не змог да канца паверыць ці то словам суразмоўцы, ці то ў свой узрост.
Ілля Курган адзначыў свой 90-гадовы юбілей 26 мая. З гэтай нагоды ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы зладзілі вечарыну ў яго гонар. Камерную, амаль сямейную, вельмі кранальную.
"Ідзе, паехалі", — адмашку аркестру даваў асабіста мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін.
Мэтра сустрэлі музыкай і авацыямі. У нейкі момант нават здалося, што юбіляр засаромеўся і, каб разрадзіць абстаноўку, зменшыць пафас — выканаў некалькі танцавальных па.
"Выдатны балетны эцюд. І мы вельмі радыя, што вы прыйшлі", — прывітаў юбіляра Пінігін.
Мастацкі кіраўнік мяркуе, што ў Купалаўскім, напэўна, няма ні аднаго артыста, з якім бы Курган не працаваў над вымаўленнем. Таму трупа і вырашыла паўжартам, напаўсур'ёз паказаць усё, на што здольная і пачытаць настаўніку вершы. "Залікоўку паднясём пазней", — пажартаваў Пінігін.
Для Кургана чыталі і маладыя, і знакамітыя, для яго выконвалі любімага Рахманінава і нават фантазіравалі на тэму, што б сказалі чыноўнікі, калі б усё ж такі прыйшлі павіншаваць юбіляра.
Кургану спадабалася амаль усё — за выключэннем хіба што лічбаў на святочным экране. "90? Гэта нейкая памылка. Ці ўсё ж такі тут напісана 40?" — Перапытаў у арганізатараў юбіляр.
Курган па-ранейшаму жыва на ўсё рэагуе, парыруе і да месца іранізуе. Але калі гаворка заходзіць пра сур'ёзныя рэчы, фармулюе ёміста і дакладна.
Sputnik далучыўся да віншаванняў і не ўтрымаўся, каб не спытаць, наколькі камфортна майстру ў новым часе.
"Я не супадаю з гэтым часам. Я і з тым не вельмі супадаў, але было ўсё-такі ўсё прасцей. Мне здаецца, тады людзі ў большасці сваёй ўсё ж больш прыстойна паводзіліся", — прызнаўся Курган.
А праз хвіліну, калі ён бачыць свайго чарговага народнага або заслужанага вучня, які спяшаецца з віншаваннямі, вочы Настаўніка зноў загараюцца.
Дарэчы, экзамен Купалаўскі здаў — і па гаворцы, і па паважлівым стаўленні да пажылога майстра.