МІНСК, 15 чэр — Sputnik. Польшча падтрымлівае працэдуру спрашчэння візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, заявіў журналістам у сераду Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Польскай рэспублікі Конрад Паўлік.
Працэс спрашчэння візавага рэжыму абмяркоўваецца ў Беларусі дастаткова доўга. Пытанні выклікае не толькі складанасць атрымання беларусамі шэнгенскіх візаў, але і тое, як замежнікам атрымліваць візы для наведвання рэспублікі.
"Польшча падтрымлівае дамову аб спрашчэнні візавага рэжыму. Пытанне для нас важнае", — адзначыў Паўлік.
Стадыю падрыхтоўкі адпаведнай дамовы і іншыя дэталі абмеркавання пытання пасол каментаваць не стаў. "Гэтыя пытанні не да мяне, а да паслоў Беларусі і ўпаўнаважаных структур ЕС", — растлумачыў ён.
"Будзем спрыяць таму, каб пытанні зняць. Усё больш палякаў зацікаўлены ў падарожжах па Беларусі, напрыклад, на дзень ездзіць у Брэст", — сказаў Паўлік і нагадаў, што польскі бок хоча, каб як мага больш беларусаў атрымлівалі візу.
Пра намер Беларусі пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ кіраўнік МЗС краіны Уладзімір Макей заявіў на саміце "Усходняга партнёрства", які прайшоў у лістападзе 2013 года ў Вільні. Ізноў сталі шырока абмяркоўваць змякчэнне візавых рэжымаў пасля прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў кастрычніку 2015 года і якія замежнымі назіральнікамі былі ацэненыя ў асноўным станоўча.