МІНСК, 16 чэр — Sputnik. Рэканструкцыя, падчас якой можна ўбачыць кавалерыйскую атаку, наступленне пяхоты, апынуцца на шляхетскім балі альбо на кірмашы рамёстваў, ладзіцца не першы год і збірае людзей, захопленых даўніной і гледачоў на Валожыншчыне.
Адны з удзельнікаў сёлятнега свята — СЭТ (Студэнцкае этнаграфічнае таварыства) — будуць працаваць у зоне аграсядзібы, прысвечанай народнай культуры, і прэзентуюць праграму "Святочны кiрмаш на Троіцу". З дапамогай даследчыкаў з СЭТа госці атрымаюць магчымасць пагрузіцца ў атмасферу народнага побыту і адчуць, як жылі нашыя продкі, а таксама навучацца традыцыйным беларускім танцам. Прагучаць лірычныя і абрадавыя песні Беларусі 19-га стагоддзя.
На сельскiм кірмашы, зладжаным на аграсядзібе, можна будзе набыць сувеніры або разам з народнымі майстрамі паспрабаваць прасць, каваць, вышываць ці ткаць.
У ахвотных будзе магчымасць узяць урокі фехтавання і ўбачыць паказальныя выступленні майстроў Старажытнай шабельнай школы Рэчы Паспалітай, а таксама атрымаць урокі ампірных танцаў: навучыцца асноўным фігурам мазуркі, вальса і паланэза, а пасля трапіць на шляхецкі баль.
У вайсковым лагеры беларускай кавалерыі, дзе раскватаруюцца салдаты і афіцэры 17-га ўланскага палка Вялікага княства Літоўскага, можна будзе асядлаць баявога каня, паспрабаваць авалодаць пікай або кавалерыйскай шабляй.
У фестывалі возьмуць удзел каля 40 кавалерыстаў, якія будуць прадстаўляць як Французскую Вялікую Армію, так і Рускую Імператарскую Гвардыю.
Грандыёзная баталія завершыць фестываль, а затым адбудзецца фінальны парад.
Падчас сёлетняга свята ўпершыню прыме гасцей карчма з аўтарскай беларускай кухняй. Увесь час свята будзе працаваць мноства кропак анімацыі.
Адбудзецца фестываль-рэканструкцыя "Залатая шпора" 18 — 19 чэрвеня, падрабязнасці даезду і праграмы — на сайце фестывалю.