МІНСК, 16 чэр — Sputnik. У Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Беларусі ў Расіі 15 чэрвеня 2016 года пры поўным аншлагу прайшоў паказ спектакля "Пясняр", прысвечаны народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну. Маскоўская прэм'ера "Песняра" адбылася ў межах "Беларускіх сезонаў у Маскве", прымеркаваных да Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, паведамляецца на сайце Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага.
Сёлета Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 75 гадоў. "Яго творчасць не мела межаў, як і шырокая папулярнасць, якая сягала далёка за межы Савецкага Саюза. Песні Мулявіна былі і застаюцца шлягерамі", — падкрэсліў кіраўнік ДКК Сяргей Шарамецьеў, прэзентуючы маскоўскай публіцы спектакль перад паказам.
Гісторыя пра сучасніка, геніяльнага музыканта, заснавальніка і нязменнага кіраўніка вядомага беларускага ансамбля пастаўлена заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валянцінай Ераньковай па п'есе маладога драматурга Васіля Дранько-Майсюка. Паводле яе слоў, спектакль пабудаваны ў жанры драматычнага мюзікла.
Задачай творчай групы пры пастаноўцы спектакля, паводле слоў рэжысёра-пастаноўшчыка, было распавесці пра легендарнага музыку і засяродзіцца менавіта на ключавых кампазіцыях.
Пасля прэм'еры ў сталіцы, "Пясняр" пабываў на гастролях у Гомелі, Брэсце, Гродна, у хуткім часе пастаноўку ўбачаць у Рагачове і Віцебску. Паказ спектакля ў Маскве трупа тэатра называе выключнай падзеяй.
А тыдзень таму ў ДКК Пасольства Беларусі ў Расіі ў межах “Беларускіх сезонаў у Маскве” адбыўся паказ спектакля Сяргея Кавальчыка “Адвечная песня” з рэпертуара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, які маскоўскія гледачы таксама горача віталі.