МІНСК, 16 чэр — Sputnik. Беларусь апынулася на другім месцы паводле вынікаў міжнароднай акцыі-конкурсу "Жывая вясна 2016", паведамілі Sputnik у грамадскім аб'яднанні "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
"Жывая вясна" стартавала ў 55 краінах свету вясной. Мэтай акцыі было паведаміць аб першым назіранні пералётных птушак — белага бусла, вясковай ластаўкі, зязюлі, чорнага стрыжа, залацістага шчурка.
Усяго ў свеце ўдзельнічалі ў акцыі 70 тысяч чалавек, з якіх чатыры тысячы — з Беларусі. Пераважная большасць беларускіх бердвочэраў (арнітолагаў-аматараў) назіралі за птушкамі ў Мінскай вобласці.
Аматары птушак з Беларусі вывелі рэспубліку на другое месца ў "агульным заліку". Першае месца сярод краін заняла Латвія, трэцяе — Расія.
Таксама ў рамках "Жывой вясны" адбыліся конкурсы малюнкаў і фатаздымкаў, іх вынікі будуць падведзены 1 ліпеня.
Белы бусел — бясспрэчны лідэр назіранняў у нашай краіне. Цікава, што зыходзячы з назіранняў усіх краін-удзельніц, сёлета перамагла зязюля, а 2-е месца падзяляюць вясковая ластаўка і чорны стрыж.