МІНСК, 17 чэр — Sputnik. Магчымасць пабудаваць свой дом або кватэру кожнай беларускай сям'і ўлады абяцаюць да 2020 года. Пра гэта гаворыцца ў асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 — 2020 гады.
Дакумент плануюць вынесці на шырокае грамадскае абмеркаванне ў рамках Усебеларускага сходу, ён быў апублікаваны ў пятніцу.
"Галоўная мэта развіцця краіны на 2016-2020 гады — павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця", — паказалі аўтары дакумента.
Паводле іх разлікаў, у 2020 годзе прырост ВУП да 2015 года складзе 12-15%, а рэальныя грашовыя даходы грамадзян вырастуць на 9,5-11,6%. Стаўкі па крэдытах да канца 2020 года чакаюць на ўзроўні 9-11%.
"У кожнай беларускай сям'і будзе магчымасць пабудаваць свой дом або кватэру", — аптымістычна паведамляецца ў дакуменце.
Паводле інфармацыі складальнікаў праграмы, забяспечанасць насельніцтва жыллём вырасла з 24,6 кв. метра ў 2010 годзе да 26,5 кв. метра на аднаго чалавека ў 2015 годзе, і гэты паказчык павінен толькі расці.
Дасягаць гэтых мэтаў плануюць за кошт прыцягнення інвестыцый, занятасці, павелічэння экспарту, інфарматызацыі і моладзі, якую назвалі "галоўным патэнцыялам дзяржавы і будучым краіны".