"Закусачку паелі, па дарозе запелі" – традыцыі Зялёных святак

© Sputnik / Виктор ТолочкоВянок з зёлак
Вянок з зёлак - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Пачатак лета ў мяне заўсёды выклікае лёгкае хваляванне. Моцна ў лес цягне, у жыце схавацца хочацца... Мой стан лёгка зразумець, калі памятаеш: хутка Сёмуха і Граная нядзеля, а там неўзабаве і Купалле – самая чароўная пара ў годзе.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik
Чары ў тым, што ў лясных нетрах схавалася папараць-кветка ў чаканні купальскай ночы, набіраецца сілы гаючае зелле і, хто ведае, магчыма рыбакам часам чуецца рогат русалак у зарасніках чароту.
 
 
Старажытнае каляндарнае свята Сёмуха святкуецца праз сем тыдняў пасля Вялікадня. Менавіта адсюль яго назва. Увогуле ў славянскіх народаў гэта свята мае розныя найменні: Зялёныя святкі, Май, Тройца (бо супадае з праваслаўным царкоўным святам, якое гэты год прыпадае на 19 чэрвеня), Русаллі, Зелянец, Гранная нядзеля, Дух.
Асноўны сэнс гэтага свята — ушанаванне расліннасці, зеляніны, кветак, дрэў. Калі надыходзіў час свята, бабуля казала: "Трэба "маю" наламаць" і ішла па галінкі клёну, які рос у двары. Іх затыкалі за абразы ў хаце, за партрэты памерлых продкаў, каля парогу, пад страху ў хлеве і абавязкова каля варот. Падлогу ў хаце засцілалі аерам, які меў прыемны пах і абараняў ад пяшчаных блох.

Завіваем вянкі на шчасце

Асабліва ў пашане была бяроза. У другой палове дня дзяўчаты ішлі ў лес "завіваць бярозку". Па дарозе вадзілі карагоды і спявалі.
 
 
Месца для завівання выбіралі каля жыта, каб абрадавымі дзеяннямі зберагчы яго ад шкоднага ўздзеяння русалак. Знайшоўшы групу бярозак, спляталі голле дзвюх з іх, якія стаялі побач. Атрымлівалася нібыта брама, якую абавязкова ўпрыгожвалі стужкамі. Праз яе дзяўчаты праходзілі парамі, куміліся, абменьваючыся  хусткамі і стужкамі. Яшчэ вілі вянкі з кветак, вешалі на бярозу і прасілі ў Бога шчаслівай долі, кахання, замужжа.
На дзявічнік хлопцы не дапускаюцца!
Гэта быў сапраўдны дзявічнік. Хлопцы, мужыкі і дзеці на яго не дапушчаліся. Выпраўляючыся ўпотай у лес, дзяўчаты бралі з сабой старэнькую бабулю, якая павінна была лупцаваць усіх крапівой, адганяючы такім чынам злых духаў.

Развіванне вянкоў

Праз тыдзень зноў збіраліся і ішлі на тое самае месца да бярозак — вянкі развіваць.
 
 
У Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці існавала прыкмета, што калі не развіць вянка, то будзе ўвесь год моцна балець галава. Далей дзяўчаты частаваліся прынесенымі стравамі і адыходзілі,  спяваючы:
А мы вяночкі развілі і гарелачку папілі,
І закусачку паелі, пайшлі дворачку — запелі.
Святочны вянок
А вось чым частаваліся дзяўчаты пад бярозкамі, мы з вамі зараз і даведаемся.
Закусачка была такой: яйкі, сала, кілбасы, салодкая гарэлка, прыгатаваная яечня, бліны.

Яечня вясковая

8 яек, 0,5 шклянкі малака, 80 г сала, 1 цыбуліна, соль.
Сала нарэзаць маленькімі кубікамі, падскварыць разам з нашаткаванай цыбуляй. Яйкі ўзбіць з малаком, пасаліць і заліць гэтым сала з цыбуляй. Пасыпаць зверху зялёным кропам. Запячы ў духоўцы або печы.

Яечня кухарчына

6-8 яек, шчопаць кропу альбо пятрушкі, соль, 1 ст. лыжка масла, 0,5 ст. лыжкі мукі, 1 ст лыжка цукру, 1,5 шклянкі смятаны, 3 жаўткі, карыца.
Яйкі моцна ўзбіць, змяшаць з крышанай зелянінай, пасаліць. Растапіць на вялікай патэльні паўлыжкі масла, уліць узбітыя яйкі, паставіць у печ, калі падрумяняцца, перакласці ў форму для запякання. Узяць  палову сталовай лыжкі масла, столькі ж цукру і мукі, 1,5 шклянкі смятаны, 3 жаўткі і ўсё гэта моцна нагрэць, мяшаючы. Калі загусцее, заліць яечню, абсыпаць цукрам і карыцай і паставіць у духоўку або печ на 15 хвілін.
Прыхапіўшы такую закуску, дадаўшы да яе таго-сяго і ўзяўшы чарачку салодкай гарэлкі, можна добра адпачыць з сяброўкамі пад бярозкамі!
Бліны на закуску
 
 
Дарэчы, салодкая гарэлка не была моцнай. Для смаку яе настойвалі на насенні кропу, анісу, кмену, дадаўшы крыху мёду. У залежнасці ад насення яе так і называлі — кропаўка, кменаўка, анісаўка.

Салодкая гарэлка паненская (дзялюся фамільным сакрэтам упершыню!)

Узяць 0,5 літра моцнай гарэлкі, усыпаць туды стограмовую чарку насення кропу і паставіць на некалькі тыдняў у цёмнае месца пры пакаёвай тэмпературы. Як добра настаіцца, працадзіць, дадаць па смаку мёд, разведзены ў 150 г гатаванай вады.
Стужка навiн
0