МІНСК, 20 чэр — Sputnik. Нарошчванне вайсковага кантынгенту ў Еўропе не можа спрыяць стабільнасці ў рэгіёне, заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Міхневіч.
Раней прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расія адэкватна рэагуюць на ўзмацненне ваеннага кантынгенту НАТА каля межаў Саюзнай дзяржавы.
"Тут у нас пазіцыя абсалютна адназначная: нарошчванне ні на Усходзе, ні на Захадзе ваеннага патэнцыялу каля нашых межаў стабілізацыі сітуацыі не прыносіць нікому", — заявіў Міхневіч у інтэрв'ю тэлеканалу "РТР-Беларусь", тэкст якога апублікаваны на сайце МЗС Беларусі.
Прадстаўнік МЗС таксама дадаў, што павелічэнне кантынгенту НАТА ў Еўропе не прынясе стабільнасці ні рэгіёнам, у якіх размяшчаюцца войскі, ні тым, хто праз сваё геаграфічнае становішча "становіцца закладнікам гэтай сітуацыі".
"Таму мы не прыхільнікі прыцягваць на сваю тэрыторыю нейкія вайсковыя аб'екты замежныя, ваенныя ўзброеныя сілы", — дадаў Міхневіч. Ён таксама адзначыў, што Беларусь жадае развіваць свае ўласныя ўзброеныя сілы, якія будуць спрыяць абароне суверэнітэту.
Апроч таго дыпламат падкрэсліў, што ў рамках падрыхтоўкі да ЧС па хакеі ў 2014 годзе Беларусь сумесна з НАТА праводзіла семінары і вучэнні па барацьбе з тэрарызмам. Таксама, паводле слоў Міхневіча, Беларусь разлічвае на дапамогу Альянсу ў сферы абясшкоджвання незапатрабаванай зброі.