МІНСК, 21 чэр — Sputnik. Гарачае надвор'е чакаецца ў Беларусі да канца тыдня — яго забяспечыць міжземнаморскі цыклон Wolfgang, паведаміў Sputnik у аўторак начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
Па дадзеных Гідрамета, у сераду надвор'е будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, ноччу па паўднёвым усходзе адаб'ецца ўплыў актыўнага франтальнага падзелу: месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы, магчыма ўзмацненне ветру і град. Тэмпература ўначы складзе +12… 17°С, днём — да +27°С, у паўднёва-ўсходніх раёнах — да +29°С.
"Далей надвор'ем заўладарыць антыцыклон з Заходняй Еўропы Wolfgang, па перыферыі якога паўднёва-заходнія паветраныя плыні нясуць з акваторыі Усходняга Міжземнамор'я новыя порцыі спякотнага паветра", — сказаў Рабаў.
Паводле яго слоў, у чацвер будзе пераважна без ападкаў, уначы паветра прагрэецца да +20°С, днём да +29°С, па поўдні рэспублікі — да +32°С.
У пятніцу і суботу, паводле інфармацыі сіноптыка, будзе яшчэ гарачэй: дзённыя тэмпературы наблізяцца да адзнак +32… 34°С. Такое ж надвор'е чакаецца і ў нядзелю, толькі па паўднёвым захадзе пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі.