Вера Дашкевіч, Sputnik.
"Сакрэтная мова" — гэта не кіно ў чыстым выглядзе, хутчэй, пастановачная "навучалка" для малодшых школьнікаў і падлеткаў. Аўтары вырашылі, што дзеці любяць прыгоды і розныя сакрэты, таму непазбежна зацікавяцца таямнічымі гісторыямі, у якія трапляюць героі. Герояў чацвёра: дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі, якія стасуюцца з дапамогай "сваёй" мовы — мовы жэстаў.
Дарэчы, дзяўчынкам давялося вучыць мову па-сапраўднаму. Яны здаровыя. А вось хлопчыкаў на галоўныя ролі шукалі сярод тых, якія не чуюць. Яны абсалютна глухія, нават не гавораць. Такі "іншамоўны" акцёрскі склад быў першапачатковым патрабаваннем, якога вырашылі прытрымлівацца аўтары.
Пілотны выпуск зняты, змантаваны і гатовы да паказу. Але ні эфіру, ні выразнага разумення, як і за якія сродкі арганізаваць вытворчасць, у аўтараў пакуль няма. Ёсць толькі упэўненасць, што гэта кіно абавязкова трэба рабіць.
Кіно за свае
Пілотную серыю здымалі на свае сродкі. Прасілі знаёмых дапамагчы з камерай, святлом, мантажом. Маладыя акцёры ў літаральным сэнсе працавалі "за ежу" — школьнікаў, якія прымалі ўдзел у здымках, кармілі абедамі.
"Што мяне больш за ўсё здзівіла, што гэтым праектам гарэла не толькі я, але абсалютна ўсе. Бацькі дзяцей, вахцёр і дырэктар у школе. Сцэнарыст, гукарэжысёр. Яны гарэлі. І гэта натхненне дадавала моцы", — распавяла рэжысёр серыяла "Сакрэтная мова" Анастасія Ермакова.
Ідэя першай серыі "Ратуем качак" таксама яе — з асабістага вопыту. Згодна сцэнару, каманда супергерояў вырашае падкарміць птушак на сажалцы. Але каб выканаць місію, трэба неўпрыкмет пранесці хлеб, сабраны ў сталовай, паўз вахцёра.
"Вахцёр", "хлеб", "асцярожна" і "наперад" — гэта тыя словы-жэсты, якія прапануюць запомніць гледачу першай серыі.
"Галоўная задача гэтага фільма — ліквідаваць моўны бар'ер. Таму мы адмыслова бралі дзяцей, якія чуюць і якія не чуюць, каб на практыцы вырашыць праблемы… і ведаеце — яны вельмі пасябравалі. Дзяўчаткам стала цікава, для іх гэта было як гульня. Яны потым размаўлялі, і не было наогул ніякага бар'ера. Тлумачылі на мігах, пісалі, нават жартавалі паміж сабой", — заўважыла Ермакова.
Ідзем да вас
Ні ў Ермаковай, ні ў галоўнага рухавіка гэтага праекта, дырэктара Рэспубліканскага палаца культуры імя Шарко Беларускага таварыства глухіх Яўгена Валабоева, няма праблем са слыхам і няма блізкіх, якія пакутуюць праз гэтую хваробу.
Валабоеў расказвае, што ўсё жыццё працуе з асаблівымі людзьмі: ставіў спектакль з калясачнікамі, займаўся "ДЦПэшнікамі, аўтыстамі, людзьмі з сіндромам Дауна, глухімі, не працаваў хіба што з невідушчымі".
І кожны раз замест традыцыйнага ляманту "на нас не зважаюць і пазбягаюць", ён спрабаваў сканструяваць сітуацыю, пры якой звычайныя людзі самі пацягнуліся б да яго падапечных. І практычна кожны раз у яго атрымліваецца.
Да прыкладу, на яго мюзіклы, дзе на сцэне іграюць, танчаць і спяваюць глухія, з задавальненнем ходзіць і публіка, у якой няма праблем са слыхам.
"У нас зараз стабільна: на першыя два спектаклі ідуць усе нашы, глядзяць, кажуць "можна". А потым ідуць звычайныя людзі па квітках. На нашы пастаноўкі квіткоў не накупіцца!", — распавядае Валабоеў.
Але зала ДК — гэта 500 месцаў. А ў Мінску два мільёны чалавек, якія, пабачыўшы людзей, што на мігах размаўляюць, не ведаюць, як рэагаваць — праз гэтую праблему і ўзнікла новая кіна-ініцыятыва, тлумачыць ён.
Валабоеў перакананы, што бар'ер можна і трэба ламаць з іншага боку. Бо праблема не толькі ў непадобнасці, а ў тым, што сучасным людзям наогул няма справы адзін да аднаго — нават абсалютна здаровым і нават у дачыненні да суседа. Таму трэба здзіўляць і абуджаць ціквасць.
Што далей
У ідэале, патрэбныя фундатар і эфір. Зрэшты, пра эфір, мяркуе Валабоеў, можна было б дамовіцца ўжо цяпер. Але няма ўпэўненасці, што яго каманда энтузіястаў справіцца з тым тэмпам і аб'ёмам, якія прадугледжвае тэлевытворчасць.
"Перш чым ісці на ТБ, я павінен быць пэўны, што мы зможам здымаць як мінімум па серыі ў тыдзень. Магчыма, давядзецца ствараць дзве-тры групы, і трэба быць да гэтага падрыхтаванымі", — патлумачыў дырэктар РДК.
Адступаць ён не мае намеру. Вельмі выразна разумее, для чаго гэта трэба — і тым, хто адчувае складанасці са слыхам, і тым, хто адчувае няёмкасць, калі бачыць людзей, якія размаўляюць жэстамі. А на дзяцей вырашылі арыентавацца, таму што, па-першае, яны не так схільныя да стэрэатыпаў і адкрытыя да новай інфармацыі, а па-другое, глядзіш, змогуць зацікавіць "сакрэтнай мовай" і дарослых.
"Другая серыя будзе, павінна быць. Калі ты зрабіў першы крок, і гэта крок у патрэбным, правільным кірунку, тунэль наперадзе абавязкова адкрыецца", — перакананы аўтар ідэі.