МІНСК, 21 чэр — Sputnik. Вызначэнне арганізацыі для працы "альтэрнатыўшчыка" — прэрагатыва Мінпрацы і сацабароны, заявіў намеснік міністра ведамства Ігар Старавойтаў.
Закон "Аб альтэрнатыўнай службе" ўступіць у сілу з 1 ліпеня бягучага года. Згодна з яго палажэннямі, частка прызыўнікоў зможа прайсці альтэрнатыўную службу.
"Пры вызначэнні арганізацыі, у якой грамадзянін будзе праходзіць альтэрнатыўную службу, будзе ўлічвацца зацверджаны пералік арганізацый для праходжання альтэрнатыўнай службы", — распавёў Старавойтаў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Мінпрацы.
Паводле слоў прадстаўніка ведамства, рашэнне аб канкрэтных арганізацыях будзе прымаць міністэрства.
"Што ж тычыцца пераводу ў іншую арганізацыю для далейшага праходжання альтэрнатыўнай службы, то закон прадугледжвае такую магчымасць — альтэрнатыўшчык мае права хадайнічаць аб пераводзе. Рашэнне таксама прымаецца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны",- дадаў Старавойтаў.
Працаваць "альтэрнатыўшчыкі" будуць у дзяржаўных установах аховы здароўя, арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем, а таксама іншых. Па законе, штомесяц ім будуць выплачваць забеспячэнне ў памеры 150% бюджэту пражытковага мінімуму, а час працы залічыцца ў агульны стаж.
"Альтэрнатыўшчыкі" без вышэйшай адукацыі павінны будуць адпрацаваць 36 месяцаў, а з вышэйшай — 25 месяцаў.
Таксама прадстаўнік ведамства расказаў пра тое, што грамадзянам, звольненым з альтэрнатыўнай службы, гарантуецца прадастаўленне першага працоўнага месца.