МІНСК, 22 чэр — Sputnik. Літоўскія памежнікі затрымалі на тэрыторыі Літвы траіх грамадзян Беларусі, якія пешшу незаконна перасеклі мяжу з кантрабандным грузам цыгарэт, паведаміла ў аўторак Дзяржаўная памежная служба Літвы.
Кантрабандыстаў памежнікі выявілі ў некалькіх кіламетрах ад беларуска-літоўскай мяжы ў Швенчэскім раёне.
"Была знойдзена сцежка, што вяла з Беларусі ў Літву. Памежнікі са службовым сабакам прайшлі па ёй каля кіламетра да бліжэйшай вёскі і ўбачылі парушальнікаў", — сказалі ў службе.
Там таксама паведамілі, што кантрабандысты паспрабавалі схавацца, у сувязі з чым памежнікі былі вымушаныя зрабіць шэсць папераджальных стрэлаў з табельнай зброі. Паведамляецца, што арыштаваныя — грамадзяне Беларусі 29, 30 і 47 гадоў — неслі 12 упаковак з 6 тысячамі пачкаў цыгарэт "Фэст", "Фэст 7", "NZ Gold Super Slim" і "Мінск".
Паводле дадзеных дзяржслужбы, пра інцыдэнт былі апавешчаны супрацоўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі. Па факце незаконнага перасячэння мяжы ў дачыненні да беларускіх грамадзян распачата расследаванне, кантрабандысты ўзятыя пад варту.