МІНСК, 22 чэр — Sputnik. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц лічыць надуманымі прэтэнзіі Рассельгаснагляду да якасці і бяспекі беларускіх прадуктаў харчавання.
Днём у сераду расійскае ведамства паведаміла, што РФ можа цалкам забараніць пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі праз праблемы з яе якасцю і бяспекай. У прыватнасці, былі выказаны прэтэнзіі па сухім малацэ, якое нібыта не адпавядае тэхрэгламенту МС. Акрамя таго, пяці беларускім птушкафабрыкам забаранілі пастаўкі прадукцыі ў РФ.
"Уся прадукцыя, якую мы пастаўляем у Расійскую Федэрацыю, якасная і вывераная, яна не выклікае ніякага сумневу ў спажыўца. Я думаю, што гэта надуманыя прэтэнзіі да якасці таго, што мы пастаўляем у Расію", — заявіў Заяц журналістам у кулуарах Усебеларускага народнага сходу.
Пры гэтым міністр заўважыў, што ёсць факты фальсіфікацыі ў РФ беларускіх прадуктаў харчавання. Гэтую праблему, на яго думку, павінны вырашаць расійскія ўлады.
Заяц нагадаў, што раней РФ не прад'яўляла прэтэнзіі да якасці сухога малака. Узнікалі пытанні па бяспецы беларускіх сыроў, аднак яны былі знятыя.