Купальска ночка маленька: ад сёння час збіраць зёлкі

© Sputnik / з асабістага архіва Ларысы МятлеўскайЖанчыны разбіраюць сабраныя зёлкі
Жанчыны разбіраюць сабраныя зёлкі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Зяляркі ведаюць – лекавыя расліны след нарыхтоўваць у перыяд іх найбольшага росквіту, які пачынаецца 23 чэрвеня і доўжыцца да 7 ліпеня, калі святкуюць Купалле.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik

Не згубіць сыгнэцік у жыце!

Мая бабуля Гэлька вельмі любіла спяваць. У яе быў прыгожы высокі голас, роўнага якому не было ва ўсёй ваколіцы. Аднойчы бабуля заспявала мне купальскую песню, якую чула ад сваёй маці Сафіі ў глыбокім дзяцінстве.
 
 
"Купальская ночка маленька, ой ды не выспалася паненка. Кветачкі брала, збірала, перабірала, заснула. Як прыехаў міленькі не чула. Устань, любая, не ляжы, падымі сыгнэцік на мяжы. Толькі ж мамачцы не кажы, бо твая мамка сярдзіта! Кіне сыгнэцік у жыта".
Зёлкі гаючыя - паратунак ад розных нядужасцяў
Цэлая гісторыя чалавечага жыцця разгарнулася перада мной у гэтай кароценькай песні. Я бачу дзяўчыну, для якой звыкла перад Купаллем збіраць кветкі. Яна стамілася ад вясковай працы і заснула — у марах пра тое, што ў купальскую ноч будзе варажыць на свой лёс. А "міленькі", хутчэй за ўсё, паніч і не роўня вясковай дзяўчыне. Ён мае сыгнэцік, што з польскай мовы перакладаецца як пярсцёнак і збіраецца пайсці з дзяўчынай на Купалле. Маці ж супраць няроўных адносін, таму і здольная кінуць той сыгнэцік у жыта.
Дзяўчына павінна памятаць: каб не ўпусціць сваё шчасце, перад Купаллем лепш не спаць!

Спаць у самую таямнічую ноч у годзе — грэх

Зямля, паветра, вада і сонца надаюць у гэты чароўны час асаблівую сілу зяляркам, знахарам, вядунам, якія спяшаюцца назапасіць лекавае зелле. Іх паважалі, паколькі яны вылучаліся вышэйшымі ведамі і перш за ўсё разбіраліся ва ўласцівасях лекавых траў.
Звычайна лекавыя расліны нарыхтоўвалі ў перыяд іх найбольшага росквіту, які і прыпадае на перыяд з 23 чэрвеня па 7 ліпеня, падчас якога святкуюць Купалле.
Вось як гэта адбывалася калісьці. Адвячоркам, перад купальскай ноччу дзяўчаты, апрануўшыся ў чыстую белую апратку, ішлі ў поле або лес збіраць зелле на лекі, з імі разам ішлі і старыя бабкі-знахаркі, якія, можна сказаць, давалі сапраўдны майстар-клас па лекавых раслінах маладым.
Увогуле ж такія веды перадаваліся далёка не кожнаму, а толькі членам сям'і.
Назбіраўшы цэлыя снапы кветак і зёлак, усе варочаліся дамоў, перабіралі іх, зёлкі звязвалі ў пучкі. З кветак — васількоў, барвенку, мяты дзяўчаты плялі сабе на галаву вянок, кветкамі упрыгожвалі сцены хаты — "маілі хату".
Раніцай, як толькі пачыналі звінець царкоўныя званы, і старыя, і маладыя спяшаліся ў храм асвяціць сабраныя зёлкі. Прыйшоўшы пасля набажэнства дадому, пучкі  святаянніка, мацярдушкі, крываўніка, мяты, чабарку, румянкі і іншых траў вешалі сушыцца пад прыклеццю або раскладвалі на гарышчы — на працягу года яны служылі не толькі лекавым сродкам ад розных хвароб, але і баранілі ад нагавораў злых людзей.
Дарэчы, знахарствам займаліся не толькі жанчыны, але і мужчыны. Пра тое сведчаць радкі з купальскай песні, у якой дзеўкі распытваюць  нейкага Івана пра значэнне зёлак:
Іван, Іван, стары дзед!
Ды што ета за зелля,
ды якія карэння?
Ета карэння — румяна,
дзявоцкае ўмываннё,
хлапцоўскае сыханнё…

Інструктаж перад зборам зёлак

Зёлкі, сабраныя перад купальскай ноччу, лічацца найбольш моцнымі. Мне пашанцавала быць знаёмай з адной вясковай жанчынай, якая добра разбіралася ў лекавых раслінах. Яе парады лічу вельмі каштоўнымі і даўно карыстаюся імі. Раю прытрымлівацца іх і вам. Тым, хто захоча цяпер выправіцца ў лес, каб пашукаць чароўнага зелля, трэба спачатку зазірнуць у зборнікі па лекавых раслінах, каб ведаць іх у "твар", прыхапіць нажніцы і выправіцца на прыроду.
Апынуўшыся ў полі ці ў лесе як мага далей ад дарогі і чыгункі, варта разуцца, каб адчуць вільгаць шурпатай травы. Цяпер заплюшчыце вочы і паслухайце шэпты паветра, пасля нюхайце кожную травінку і нікуды не спяшайцеся.
Калі вы адчуеце, што час спыніўся і вашыя думкі далёкія ад усялякіх клопатаў, а мабільнік маўчыць, пачынайце збіраць зёлкі. Рабіць гэта трэба вельмі акуратна, пакідаючы частку раслін на насенне. Збіраюць лекавыя зёлкі ў сонечны дзень, як толькі сыйдзе раса — прыкладна ад 10 да 15 гадзін. Далей яны паціху засынаюць. Прычым кожная зёлка ў свой час.

Правільна сушым, захоўваем і запарваем зёлкі!

Сушыце зелле на гарышчы. Няма гарышча? Тады сушыце дзе хочаце, абы не на сонцы, а як высахла — захоўвайце ў палатняных або папяровых мяшэчках не больш за два гады.
Чай з зёлкавага збору на Беларусі здаўна называецца гарбатай ад лацінскага herba. Гатуючы такую гарбату варта браць зёлкі, прыемныя на смак. Класічнай лічыцца мерка: 1 чайная лыжка сумесі на 1 шклянку вады або 2 ст лыжкі сумесі заліць 2 кілішкамі кіпятку і настаяць 30 хвілін, накрыўшы парцэлянавы імбрык сурвэткай. Запарце гарбату ў шкляным або паліваным посудзе і дайце настаяцца. Тэрмас для гэтай справы не прыгодны. Як лічаць спрактыкаваныя знахары, зёлкі павінны дыхаць. Церушыць сухое зелле трэба толькі рукамі.
Запараную гарбату ўжываюць толькі свежай, паколькі на наступны дзень ад яе не будзе ніякай карысці. Прытрымлівайцеся дазіроўкі і райцеся час ад часу са сваім лекарам.

Зельныя гарбаты

Варыянтаў прыгатавання зельнай гарбаты можа быць мноства. Але трэба памятаць пра лекавыя якасці раслін і ўлічваць гэта пры складанні збора.
Напрыклад, гарбата з мацярдушкай вельмі карысная, але яе нельга ўжываць цяжарным. Зельную гарбату не падсалоджваюць цукрам, але яе можна падаваць з мёдам або варэннем.Толькі не трэба дадаваць слодыч у напітак.
Вось некалькі варыянтаў такога напою.
I варыянт
Па 3 часткі мацярдушкі, святаянніку, мяты, па 1 частцы пялёсткаў і ягад шыпшыны.
II варыянт
Па роўных частках рамонкаў аптэчных (кветкавыя кошыкі) і мяты перцавай (лісцё).
III варыянт
Па роўных частках лісця чорных парэчак, мелісы, сунічніку, чабору.
"Маім" хату!
IV варыянт
Па роўных частках лісця чорных парэчак, мяты перцавай, лісця маліны.
Піце на здароўе!
Стужка навiн
0