Вера Дашкевіч, Sputnik.
Ініцыятарам адраджэння алімпійскага руху ў канцы XIX стагоддзя быў барон П'ер дэ Кубертэн. Менавіта з яго падачы 23 чэрвеня 1894 года і быў заснаваны МАК — Міжнародны алімпійскі камітэт, на які ўсклалі арганізацыю гульняў. Уласна, з аглядкай на гэтыя падзеі праз паўстагоддзя МАК і заснаваў памятную дату — Міжнародны алімпійскі дзень.
Алімпійская гісторыя Беларусі пачалася, можна сказаць, з той самай I адроджанай Алімпіяды. Афіны да гульняў 1896 года рыхтаваў у тым ліку і ураджэнец Ашмянскага павета цяперашняй Гродзенскай вобласці Зігмунд Мінейка. Інжынер, прыхільнік ВКЛ і ўдзельнік паўстання Каліноўскага, ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання, але, урэшце, быў сасланы на катаргу. У эміграцыі змяніў некалькі краін, але ў выніку асеў у Афінах, дзе ўзначаліў дэпартамент грамадскіх работ. На гэтай пасадзе і рыхтаваў сталіцу Грэцыі да першых Алімпійскіх гульняў, удзельнічаў у будаўніцтве і аднаўленні спартыўных аб'ектаў, у тым ліку Мармуровага стадыёна.
Самы першы "мужны" медаль
Першую, хоць і асаблівую, медаль ураджэнец Гродна, сын генерала расійскага войска Альфонса Руммеля і шляхцянкі Марыі Марцінкевіч, прывёз толькі з V Алімпійскіх гульняў, якія праходзілі ў Стакгольме ў 1912 годзе. Ротмістр 14-га драгунскага Маларасійскага палка Караль Румель быў уключаны ў склад расійскай каманды, якую курыраваў імператар, удзельнічаў у спаборніцтвах па канкуры і нават быў у ліку лідэраў. Але на апошнім крузе яго конь зачапіў бэльку і ўпаў, падмяўшы пад сябе вершніка. Румель, тым не менш, вярнуўся ў сядло і, прыціскаючы руку да грудзей, дабраўся да фінішу. Ен пераадолеў рысу, стаўшы 15-м, і страціў прытомнасць. У Стакгольмскім шпіталі ў Румеля дыягнаставалі пералом пяці рэбраў.
Кароль Швецыі, які назіраў за драматычным развіццем сюжэту, быў так уражаны мужнасцю спартсмена, што загадаў адліць аналаг залатога алімпійскага медаля і ўручыць яго Румелю — за праяўленую мужнасць.
Самы першы срэбны медаль
Першы алімпійскі медаль беларусаў — у складзе каманды СССР — быў срэбным. Яго заваяваў у 1956 годзе ў Мельбурне кідальнік молата Міхаіл Крываносаў. Дуэль з амерыканцам Гаральдам Коналі ён, на жаль, прайграў. Хоць спачатку ўсе складвалася на карысць выхадца Крычава: і ў другой, і ў трэцяй спробе Крываносаў пасылаў снарад за адзнаку алімпійскага рэкорду. Але Коналі ўдалося закінуць снарад на 18 сантыметраў далей і забраць золата.
Акрамя алімпійскага медаля, на рахунку Крываносава шэсць сусветных рэкордаў і адзінаццаць рэкордаў Савецкага Саюза.
Самая "рэкордная" фехтавальшчыца
Імя Алены Бяловай занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса за абсалютны рэкорд сярод фехтовальшчыц па колькасці залатых алімпійскіх медалеў. На яе рахунку — чатыры алімпійскія золаты. Два яна прывезла з Мехіка ў 1968 годзе, па аднаму — з Мюнхена і Манрэаля.
Прычым перамога Бяловай у Мехіка былі неверагоднымі — яна змагалася з хворай нагой, якую расцягнула напярэдадні на адной з трэніровак. Па выніках таго алімпійскага сезона "Літаратурная газета" прысудзіла ёй спецыяльны "Прыз нечаканасць".
… і выніковы фехтавальшчык
На рахунку Віктара Сідзяка чатыры алімпійскіх золаты, але Беларусь у сваей алімпійскай гісторыі мае права разлічваць толькі на тры. Сідзяк нарадзіўся ў Львове і першы час выступаў на савецкіх спаборніцтвах за зборную Украінскай ССР. На Алімпіяду ў Мехіка ў 1968 годзе, адкуль прывёз сваё першае каманднае золата, ехаў як украінскі спартсмен. А ў Мюнхен ў 1972 годзе — ўжо як беларускі.
З Мюнхена шабліст прывёз золата ў асабістым турніры і каманднае срэбра. Яшчэ ён двойчы ўздымаўся на першую прыступку алімпійскага п'едэстала — у 1976 годзе ў Манрэалі, і ў 1980 годзе ў Маскве.
Самая абаяльная чэмпіёнка
Гімнастка Вольга Корбут здолела закахаць у сябе ўвесь свет. Мільёны з заміраннем сэрца сачылі, як яна ў Мюнхене круціла сваю знакамітую пятлю і суперажывалі, калі яна ліла слёзы пасля няўдачы на брусах. Яе празвалі "цуд з коскамі" за зусім нерэальнае спалучэнне дзіцячай знешнасці і дарослай выразнасці ў выкананні праграм.
На яе рахунку — чатыры алімпійскія залатыя медалі, тры з якіх яна ўзяла ў Мюнхене, а яшчэ адзін — праз чатыры гады ў Манрэалі. Есць у яе скарбонцы і два сярэбраныя медалі, па адной з Мюнхена за практыкаванні на брусах і Манрэаля за праграму, выкананую на бервяне.
Тройчы чэмпіёны
Па тры алімпійскіх залатых медалі на сваім рахунку маюць пяць беларускіх спартсменаў. У тым ліку, знакаміты барэц Аляксандр Мядзведзь станавіўся лепшым на трох Алімпіядах запар, прычым у трох розных вагавых катэгорыях (паўцяжкай, цяжкай і абсалютнай): у Токіа ў 1964, у Мехіка ў 1968 і Мюнхене ў 1972.
А
Тройчы падымалася на першую прыступку алімпійскага п'едэстала фехтавальшчыца Таццяна Самусенка. Першае алімпійскае золата прывезла ў 1960 годзе з Рыма, потым былі пераможныя паядынкі ў Мехіка і Мюнхене.
Адзіны ў свеце байдарачнік, які выйграў тры залатыя ўзнагароды на адной алімпіядзе — гэта Уладзімір Парфяновіч. У 1980 годзе ў Маскве Парфяновіч быў лепшым сярод адзіночак на дыстанцыі ў 500 метраў і сярод двоек на дыстанцыях 500 і тысячу метраў.
Тры алімпійскіх золаты на рахунку гімнасткі Святланы Багінскай. Яна, дарэчы, адна з нямногіх гімнастак у гісторыі, якія выступалі на трох Алімпійскіх гульнях. Хоць выніковымі былі толькі першыя дзве: два золаты яна ўзяла ў Сеуле ў 1988 яшчэ ў складзе зборнай СССР, адно ў 1992 у Барселоне. У 1996, ужо ў складзе зборнай Беларусі, здолела прабіцца ў фінал у апорным скачку, але ў выніку стала толькі пятай. Прыхільнікам запомнілася неверагоднай грацыяй і артыстызмам.
У гісторыі сучаснай Беларусі толькі адной спартсменцы атрымалася тройчы падняцца на верхнюю прыступку Алімпійскага п'едэстала — Дар'і Домрачавай. Але гэта ўжо зімовая алімпійская гісторыя.
Самы паспяховы алімпіец
Безумоўны рэкардсмен па колькасці алімпійскага золата — Віталь Шчэрба. На яго рахунку — шэсць алімпійскіх медалёў.
Гэта адзіны ў гісторыі не плывец, які сабраў такую алімпійскую калекцыю на адной алімпіядзе. Гэта было ў 1992 годзе ў Барселоне. Праз чатыры гады на гульнях у Атланце ён дадаў у сваю калекцыю яшчэ чатыры бронзавыя медалі. А былі яшчэ перамогі на сусветных першынствах: Шчэрба да гэтага часу застаецца адзіным мужчынам, які станавіўся чэмпіёнам свету ва ўсіх васьмі дысцыплінах — асабістым і камандным першынстве, а таксама на ўсіх шасці снарадах.
Самая сапраўдная беларуская каманда
Беларускі сцяг быў узняты на Алімпійскіх гульнях упершыню ў 1996 годзе. На Алімпіяду ў Атланту прыехалі 144 беларускіх спартоўцы. Вынікам тых выступленняў стала 15 медалеў — адзін залаты, шэсць сярэбраных і восем бронзавых.
Першую (і адзіную на тых Гульнях) залатую ўзнагароду для Беларусі заваявала Кацярына Хадатовіч (Карстэн) у акадэмічным веславанні. Гэта пры тым, што да фінальнага заезду яна не значылася сярод фаварытаў.
У неафіцыйным камандным заліку на сваіх першых самастойных гульнях Беларусь заняла 37-е месца, а па колькасці выйграных медалёў — 23-е месца.