МІНСК, 23 чэрвеня — Sputnik. Чарговы тыдзень беларускай нацыянальнай кухні пройдзе ў рэстаранах і кавярнях Мінска з 27 чэрвеня па 3 ліпеня, паведамілі Sputnik у Галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.
Гэта будзе дзесятае па ліку мерапрыемства ў сталіцы, удзел у ім возьмуць больш за 100 аб'ектаў грамадскага харчавання ў кожным адміністрацыйным раёне горада.
Паводле дадзеных упраўлення, наведвальнікам будуць прапанаваны пяць страў нацыянальнай кухні:
- закуска з селядца з бульбай — 45 тысяч рублеў
- агурочны халаднік — 25 тысяч рублеў
- пызы з мясам — 65 тысяч рублеў
- клёцкі па-вясковаму — 70 тысяч рублеў
- мядова-бярозавы напой — 20 тысяч рублеў
Ва ўпраўленні распавялі, што ўсе стравы будуць прыгатаваныя па адзінай рэцэптуры і тэхналогіі, а таксама прапаноўвацца наведвальнікам па аднолькавым кошце незалежна ад класа і тыпу аб'екта харчавання.