МІНСК, 23 чэр — Sputnik. Пяты Усебеларускі народны сход ухваліў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2016-2020 гады.
Ва Усебеларускім народным сходзе, які прайшоў у Мінску 22-23 чэрвеня, узялі ўдзел 2,5 тысячы чалавек, дэлегаваныя з усіх рэгіёнаў краіны.
У праграме ў ліку асноўных прыярытэтаў названыя павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця. У праграме гаворыцца, што ў Беларусі чакаюць да 2020 года рост ВУП да 12-15%, рэальныя грашовыя прыбыткі павялічуцца на 9,5-11,6%.
Асноўнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі названа зніжэнне да канца 2020 года ўзроўню інфляцыі да 5%. У праграме падкрэсліваецца, што стаўка рэфінансавання стане базавым інструментам рэгулявання ўзроўню працэнтных ставак у эканоміцы.
Паводле вынікаў 2017 года ўзровень працэнтных ставак па новых крэдытах у нацыянальнай валюце прагназуецца ў памеры 17-18% гадавых, у 2018 годзе — 14-15% гадавых, у 2019 годзе 11-12% гадавых, у 2020 годзе — 9-11% гадавых.
У праграме таксама абяцаюць лібералізаваць валютную сістэму. У прыватнасці, тэрміны вяртання валютнай выручкі ў краіну будуць усталёўвацца ў кантрактах, абавязковы продаж прадпрыемствамі часткі валютнай выручкі будзе адменены, як і мэтавая купля валюты. Таксама абяцаецца зняць абмежаванні на адкрыццё рахункаў у замежных банках.
Будзе працягнутая праца па фарміраванні і развіццю фінансавага рынку. Плануецца ўкараненне і развіццё такіх крыніц і механізмаў фінансавання, як карпаратыўныя аблігацыі, праектнае фінансаванне, размяшчэнне акцый беларускіх прадпрыемстваў на міжнародных фондавых біржах пры дапамозе замежных дэпазітарных распісак.