"Рудое масла ад рудой каровы" ды іншыя цуды: спраўляем Кірмаш!

© Sputnik / Альфред МикусНа кірмашы
На кірмашы - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Слова "кірмаш" заўжды выклікае ў мяне светлы і радасны ўспамін пра шчаслівыя гадзіны майго вясковага дзяцінства. У вёсцы, дзе жылі мае дзяды, "спраўлялі Кірмаш" на наступнай пасля Сёмухі нядзелі – хаця ўвогуле па Беларусі шырока распаўсюджана і традыцыя святкавання “Траецкага кірмаша” менавіта на Сёмуху (на Троіцу).
Ларыса Мятлеўская, Sputnik
Як на мяне — чым больш святаў, тым лепш! Можна Траецкі кірмаш зладзіць непасрэдна на Сёмуху, можна ім завершыць Русальны тыдзень: добрага настрою зашмат не бывае! Пагатоў зараз, калі людзі нібыта спахапіліся пасля доўгай спячкі і ўзяліся аднаўляць традыцыі. Так важна паспець зрабіць гэта, пакуль у старэйшага пакалення жывая памяць пра тое, "як было" і ёсць магчымасць перадаць свае веды моладзі!
Дык вось пра маё шчаслівае дзяцінства, у якім неадменна "спраўлялі Кірмаш".
Усёй сям"ёй на кірмаш
Зранку ў хаце пачыналася перадсвяточная мітусня. Бясконца ляскала жалезная клямка дзвярэй, паколькі бабуля літаральна лётала з кухні ў клець па прысмакі. Дзед і дзядзькі даставалі з паветкі сталы і лавы, абкашвалі двор. У падпаленай печы пякліся вялікія, румяныя бліны і шкварчэла сала. Сон знікаў адразу, як толькі ў галаву ўлятала думка пра кірмаш і гасцінцы, якія павінны прывезці госці.
Дзеці таксама не заставаліся без працы. Пасля сняданку маім абавязкам было збіванне масла ў драўлянай маслабойцы. Пасля трэба было сабраць у гнёздах свежыя, яшчэ цёплыя яйкі, нашчыпаць на агародзе зялёнага пер'я цыбулі. Прымаць удзел у супольным клопаце было за шчасце.

"Абы ў руцэ капейка свежая была"

Кірмаш — сваеасаблівае свята вёскі, якое пышна адзначалася вясковай супольнасцю яшчэ да пачатку 1980-х.
Бабуля казала, што калісьці бацюшка ў гэты дзень зранку перш адпраўляў малебен, пасля хадзіў па падворках і асвячаў хаты, хлявы, агароды. За ім ішлі ўсе вяскоўцы, таму гаспадыні імкнуліся добра прыбраць у двары, пабяліць печ у хаце, каб мець добрую славу.
У гэты дзень на вёсцы адбываўся гандаль. Прадаваліся ганчарныя, бандарныя вырабы, тканыя рушнікі і посцілкі, гародніна, мёд, яйкі, птушка, рыба і малочныя прадукты. На такіх кірмашах было весела, гучала музыка і смех, жартаўлівыя спрэчкі.
На кірмашы гандлявалі ўсім чым - і харчамі, і ганчарнымі вырабамі
Адна сялянка прадавала масла дрэннай якасці. Яно было з плямамі. Да яе падыходзіць пакупніца і пытаецца, чаму ў яе такое рудое масла? І чуе адказ: "Ляньцеся, людцы, быццам ня ведае! Рудое масла таму, што ад рудой каровы!"
Адзін дзядзька набыў карову і адразу ж яе прадаў значна танней. На пытанне навошта ён так зрабіў, адказаў: "Абы ў руцэ капейка свежая была".
З цягам часу і набажэнства і кірмаш у гонар свята зніклі, пакінуўшы толькі назву — Кірмаш. У вёсках Загацце, Паздзіркі, Дубінкі, Дубіцкая Слабада, Пагуляйка што у Мінскім раёне Мінскай вобласці, кірмашы адбываліся аднолькава. Раніцай хлопцы ехалі ў лес па маладыя бярозкі, каб зрабіць з іх на выгане кола для танцаў. Усярэдзіне майстравалі лаўкі, каб, натанцаваўшыся, было дзе прысесці. У складчыну наймалі музыкаў — і танцавалі цэлую ноч пасля ўрачыстай вячэры. Зранку гаспадыні пачыналі гатаваць у печы святочную вячэру.

Еш хоць расперажыся!

Ежы гатавалі шмат, паколькі на кірмашы прынята было чакаць у госці сваякоў з суседніх і далёкіх вёсак. Усе знаходзіліся ва ўзрушаным, святочным настроі, жартавалі, прыветна віталі адно аднаго, чакаючы вечара.
Траецкая смаката ад Грамовіч Гэлькі Янкавай з в. Загацце, Міншчына. На стол падавалася ўсё, што было прыпасена гаспадыняй і засталося ад зімы: салёныя агуркі і грыбы, квашаная галоўкамі капуста, яшчэ старая бульба і буракі — са свежай гародніны да гэтага часу паспявала падняцца толькі зялёная цыбуля і кроп.
Абавязкова загадзя рабілі сыр і збівалі масла, даставалі з сальніцы салёнае сала, якое наразалі скрылікамі не вельмі тонкімі, каб было што падчапіць на відэлец, а таксама лезлі на гарышча, дзе з вялікага каша з вечкам даставалі вэнджаны кумпяк, каўбасы пальцам пханыя, каўбух і іншыя мясныя прысмакі, якія яшчэ засталіся пасля Вялікадня. Калі было з чаго, варылі халадзец, смажылі курыцу.
У Мінск ехалі па "купляную рыбу": селядцы, траску і хек. Гадоў 40 таму ў крамах інакшай рыбы амаль не было. Стараліся налавіць у мясцовай сажалцы ляшчоў, карасёў ды плотак. Шчупакі былі рэдкасцю ў гэтым калісьці балоцістым краі. На радасць дзецям пяклі салодкія грыбкі. З сухіх яблыкаў і груш варылі ўзвар з дадаткам мяты і чабарку. Ну, і пэўна ж, была свая і купляная гарэлка, хатняе вінцо са смародзіны для жанчын.
Капуста квашаная
Квашаную галоўкамі капусту дастаць з расолу і абмыць. Тонка нашаткаваць капусту, дадаць дробна сечанае пер'е зялёнай цыбулі, зусім трошкі зялёнага кропу, пасаладзіць і заправіць смятанай або алеем. Смаката — не ад'есціся!
Фаршыраваны карась
У народзе кажуць: "Добраму рыбаку карасі самі ў вядро скачуць".
 
 
1 карась (400-500г), 1 зубок часнаку, 1,5 ч лыжкі солі, 2-3 морквы, 1 цыбуліна, 20-30 г ікры, 30 г алею, 250 г смятаны.
Карася пачысціць ад лускі, выдаліць вантробы, жабры, памыць, абсушыць, нацерці соллю і дробна пасечаным часныком з усіх бакоў і ў сярэдзіне, пакінуць на 15-20 хвілін марынавацца. Зрабіць фарш наступным чынам: абскрэбсці моркву, буйна нацерці на тарцы, дробна пасячы цыбулю, на падагрэтую патэльню ўліць алей і падсмажыць у ім амаль да гатовасці моркву і цыбулю, дадаць ікру, хутка размяць яе на патэльні і ўставіць у печ на тры хвіліны, каб ікра сцвярдзела, прыхапілася.
Выкласці начынку ў місу, дадаць шчопаць солі, адну сталовую лыжку смятаны, памяшаць, начыніць фаршам рыбу, запаўняючы і адтуліны для жабраў, густа абмазаць смятанай, паставіць запякацца ў печ або духоўку на трыццаць хвілін.
Карася рэжуць на кавалкі і ядуць гарачым або халодным з варанай бульбай або хлебам.
Стужка навiн
0