МІНСК, 27 чэр — Sputnik. Музычны фестываль "Купальскае кола", прымеркаваны да святкавання аднаго з самых любімых народных беларускіх святаў Купалле, адбыўся ў гэтыя дні ў загарадным комплексе "Камарова".
Мерапрыемства праходзіць ужо восьмы раз, сёлета для яго правядзення была абраная новая пляцоўка, канцэпцыя фестывалю таксама змянілася — арганізатары зрабілі акцэнт на музыцы ў стылі фолк-метал, а не проста аўтэнтычнай, як у мінулыя гады.
"Сёлета мы зрабілі ўпор менавіта на беларускую музыку. Мы робім мерапрыемства для таго, каб людзі адпачывалі душой і целам, але не забываліся пры гэтым, што яны прыязджаюць на музычны фестываль", — распавёў Sputnik арганізатар і ідэолаг фестывалю Алесь Таболіч.
"У мінулым годзе мы рабілі фестываль у музейным комплексе "Дудуткі" (глядзіце, як гэта было, у фотастужцы Sputnik). Зараз вельмі шмат адказнасці, многае даводзіцца рабіць самім, паколькі "Дудуткі" вырашылі зладзіць свой асобны фэст. Мне здаецца, гэта не вельмі правільная тэндэнцыя — рабіць фэсты, прымеркаваныя да Купалля, з розніцай у тыдзень. Тым не менш, людзі сёння прыехалі, слухаюць музыку, весяляцца", — дадаў Таболіч.
Ён таксама адзначыў, што выбар у якасці новай пляцоўкі менавіта "Камарова" быў звязаны з тым, каб людзям зручней было дабрацца да фестывалю.
Фэст быў цікавы не толькі беларусам. "Мы з сябрамі падарожнічаем па Еўропе і спецыяльна прыехалі на гэты фэст. Мне вельмі падабаецца тое, што тут адбываецца, вы падымаеце сваю культуру і не забываецеся на свае традыцыі", — распавёў агенцтву госць фестывалю з Францыі.
"Купальскае кола" — музычны фестываль, прысвечаны старажытнаму святу Купалля. Фестываль ставіць сваёй задачай рэканструкцыю свята, аднаўленне і папулярызацыю беларускіх звычаяў. Музычная частка мерапрыемства прадстаўлена фолк і метал групамі з Беларусі і блізкага замежжа.
Купалле — народнае свята ўсходніх славян, якое дайшло да нас з паганскіх часоў і звязана з днём летняга сонцастаяння, традыцыйна адзначаецца ў самую кароткую ноч года, калі сілы прыроды дасягаюць найбольшага росквіту.