МІНСК, 28 чэр — Sputnik. Да рытуальнай залы лечкамісіі на Чырвонаармейскай з раніцы збіраюцца людзі — сярод іх і чыноўнікі міністэрства культуры, але ўсё ж нашмат больш — сваякоў, сяброў і калегаў вялікага кампазітара Сяргея Картэса.
"Я б з радасцю пагаварыў, але мне трэба паспець развітацца з Сяргеем", — кажа, блукаючы ў калідорах лечкамісіі ў пошуках рытуальнай залі, адзін з сяброў Картэса.
Ля ўваходу ў залу — натоўп людзей, размаўляюць пра Картэса-чалавека і Картэса-музыку.
"Ён да апошняга верыў у жыццё", — распавядае малады чалавек у майцы "Metallica". Гэта сын Сяргея Альбертавіча, таксама Сяргей.
"Ён умеў любіць. Ён быў чалавекам веруючым, адмаўляў смерць на падсвядомым узроўні, не разглядаў яе як варыянт. Яшчэ некалькі дзён таму абмяркоўвалі з ім, як ён паедзе пад Маскву адпачываць. Яму адпампоўвалі вадкасць з лёгкіх, а ён хацеў папрасіць лекараў, каб яны далі яму з сабой грушу, каб ён сам мог гэта зрабіць. Усё, што заўгодна — але не смерць", — распавёў Картэс-малодшы.
Ён кажа, што галоўнае, што пераняў ад бацькі — вера і любоў. Нягледзячы на вялікую колькасць тых, хто прыйшоў праводзіць кампазітара ў апошні шлях, сын пазнае тут амаль кожнага.
"А мяне вы, Сярожа, не ведаеце?" — Пытаецца немаладая жанчына і называецца Алай Георгіеўнай.
"Я — тая, да каго Сярожа сеў за парту. Ён прыехаў, і першага верасня яго пасадзілі са мной за парту, і мы з ім трымалі матэматыку за ўвесь клас!"
"Ён распавядаў: калі прыехаў у Мінск у 1956 годзе, усе аднакласніцы з-за яго пасварыліся. У школе быў ліфт, і ён, выходзячы, усім дзяўчынкам падаваў руку. Руку падаваў тым, хто быў бліжэй, ён рос у такой краіне, дзе дзяўчат такім чынам не кадрылі, гэта было нармальна — падаць дзяўчыне руку", — усміхаецца Сяргей.
Сяргей Картэс прыехаў у Беларусь з Чылі. Першыя 20 гадоў жыцця будучы беларускі кампазітар правёў у Аргенціне, вучыўся музыцы ў Буэнас-Айрэсе. У 1947 году сям'я падала прашэнне аб савецкім грамадзянстве і вяртанні на радзіму, і толькі ў 1955 годзе ім дазволілі прыехаць у Мінск.
Нягледзячы на сумную нагоду для сустрэчы, нягледзячы на тое, што многія плакалі на парозе залы, атмасфэра не панурая. Людзі згадваюць кожны свой эпізод знаёмства з вялікім кампазітарам. Хтосьці працаваў з ім, хтосці быў яго вучнем, хтосьці жыў у адным доме — і кожны успамінае самыя светлыя моманты.
"Ён быў нефармальны дырэктар, вельмі трапяткі. Пры ім усё было жывое, мы сталі ездзіць на гастролі, людзі адчулі сябе свабодна. Мы працавалі з ім амаль пятнаццаць гадоў", — успамінае пра Картэса яго калега з Тэатра оперы і балета, мастак Людміла Ганчарова.
Тут жа нямала вучняў Картэса.
"Пазнаёміўся з ім у 60-х гадах, калі вучыўся ў Музычным вучылішчы імя Глінкі. Ён выкладаў музычны аналіз, і выказванні яго заўсёды былі смелымі. Пры гэтым ён меў аблічча інтэлігента, чалавека мяккага — і гэтая мяккасць і смеласць дзіўным чынам спалучаліся ў ім", — згадвае Картэса музыка Юры Відзёхін.
У натоўпе абмяркоўваюць музыку, творы, створаныя самім Картэсам, успамінаюць эпізоды сумеснай працы, а побач, ня ўвязваючыся ў гутаркі пра музыку, сціпла стаяць сваякі кампазітара, якія ведаюць яго больш за іншых — як чалавека, а не толькі як музыканта.
"Гэта быў вялікі чалавек. Учора мне прыйшло паведамленне ад сябра, з якім вучыўся ў інстытуце і якога не бачыў гадоў трыццаць. У паведамленні гаварылася: "Прымі спачуванні, гэта вялікі чалавек, я бачыў яго адзін раз, але гэта памяць на ўсё жыццё". Найяснейшы чалавек, вельмі шкада, што сыходзіць гэтае пакаленне — такіх людзей няма і не будзе ўжо. Бог даў жыць побач з Сяргеем Альбертавіч, з яго братам, з маёй мамай…", — успамінае пляменнік Рыгор.
"Тут шмат людзей, з якімі ён працаваў на кінастудыі, у тэатры — ды вось найвялікшыя артысты ідуць з кветкамі", — дадала пляменніца Картэса Мар'яна.
Развітанне з кампазітарам, былым мастацкім кіраўніком беларускай оперы Сяргеем Картэсам адбылося ў аўторак у рытуальнай зале Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра.
Сяргей Картэс памёр 26 чэрвеня. Ён быў легендарнай асобай у гісторыі беларускай музыкі і тэатра, напісаў дзесяткі музычных партытур да драматычных спектакляў, пастаўленых у розныя гады ў Купалаўскім і Рускім тэатрах, іншых тэатрах краіны.
Будучы галоўным музычным рэдактарам кінастудыі "Беларусьфільм" у 1980-я, кампазітар напісаў музыку да многіх фільмаў, у ліку якіх знакамітыя "Вазьму твой боль", "Чорны замак Альшанскі" і іншыя.
Міжнародную вядомасць кампазітару прынеслі інструментальныя, а таксама вакальныя і вакальна-сімфанічныя цыклы твораў на вершы Яўгена Еўтушэнкі і Янкі Купалы, Максіма Танка і Гарсія Лоркі, Нікаласа Гільена і Жака Ленуара.
З 1991 года Сяргей Картэс быў дырэктарам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі і мастацкім кіраўніком оперы, з 1996 да 2002 года кіраваў беларускім Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы.
Кампазітарам напісаны пяць опер, а яго балет "Апошні Інка" з поспехам быў пастаўлены ў Гаване. У лютым 2015 гэты балет Сяргея Картэса быў прадстаўлены на сцэне Вялікага тэатра Беларусі (прэм'ерны спектакль называўся "Хто я?").