МІНСК, 29 чэр — Sputnik. Дзень нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы традыцыйна будуць святкаваць у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, у гэты дзень пачне працу выстава "Завуся я толькі Янка Купала", падрыхтаваная сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. Выстава знаёміць з жыццёвым і творчым шляхам першага народнага паэта Беларусі, чыё ўзнёслае слова стала падмуркам беларускай культуры новага часу.
У межах свята адбудзецца паказ спектакля "Кругі раю" — дакументальная алегорыя, якая апавядае пра малавядомыя факты з жыцця выдатнага беларускага паэта. Аўтар п'есы і рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Святлана Навуменка шукае адказы на цэлы шэраг пытанняў: як жыў Паэт? Як ён загінуў? Ці зразумелі і прынялі яго пры жыцці? Які лёс чакаў творы Янкі Купалы і ці жывуць яны сёння?
Пасля спектакля адбудзецца правядзенне Купальскага абраду разам з заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь "Гасцінец" (Ракаў), які вылучаецца сваеасаблівай манерай выканання, максімальна прыбліжанай да аўтэнтычнага гучання песень свайго рэгіёну.
Пачатак свята 6 ліпеня а 18.00 па адрасе: Мінск, вул. Крапоткіна, 44.