МІНСК, 30 чэр — Sputnik. Цэнтрабанк Расіі 1 ліпеня ўсталюе афіцыйны курс дэнамінаванай беларускай нацыянальнай валюты ў адносінах да расійскага рубля, паведаміў у чацвер рэгулятар.
"У сувязі з дэнамінацыяй афіцыйнай грашовай адзінкі Беларусі — беларускага рубля (BYR, 974) у 10 тысяч разоў і унясеннем адпаведных змяненняў у агульнарасійскі класіфікатар валют Банк Расіі з 1 ліпеня 2016 года пачынае ўсталяванне курсу дэнамінаванага беларускага рубля (новыя коды — BYN, 933) да рубля РФ", — гаворыцца ў паведамленні.
Нацыянальны банк Беларусі ўжо усталяваў дэнамінаваныя курсы: 100 расійскіх рублёў роўныя 3 рублям і 12 капейкам у беларускай валюце.
Дэнамінацыя беларускага рубля адбудзецца 1 ліпеня. Банкноты ўзору 2000 году будуць замененыя на новыя: за 10 тысяч беларускіх рублёў старога ўзору можна будзе атрымаць адзін новы. Таксама ўпершыню з савецкіх часоў у Беларусі ў абарачэнне будуць уведзены не толькі папяровыя купюры, але і металічныя манеты.