Дзень вышыванкі: прыдумляць новыя арнаментальныя элементы не варта

© Sputnik / Виктор ТолочкоФотаілюстрацыя Г. Ліхтаровіча з кнігі "Повязь часоў - беларускі ручнік"
Фотаілюстрацыя Г. Ліхтаровіча з кнігі Повязь часоў - беларускі ручнік - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Вяртанне моладзі да нацыянальных вытокаў праз жаданне ствараць і насіць вышыванкі – пазітыўная з’ява, толькі трэба памятаць, што сваю культурную спадчыну след вывучаць і зберагаць для наступных пакаленняў, а не прыдумляць новыя арнаментальныя элементы, ніяк не абгрунтаваныя з пункту гледзішча традыцыйнай культуры.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik
Прынята казаць, што мова — душа народа, а адзенне — яго твар. У Беларусі існуе шэсць гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў: Падзвінне, Падняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Панямонне, Усходняе Палессе, Заходняе Палессе.
Этнограф Ларыса Мятлеўская ў строі, які шыла і вышывала сама паводле ўсіх правілаў выканання і аздобы традыцыйнага народнага строю.
Пры ўмове iснавання агульных рысаў, у кожным з гэтых рэгіёнаў склаўся свой, непаўторны комплекс адзення, які прынята называць строем.
Акрамя гэтага практычна кожная вёска мела свой, адметны строй, па якім без пашпарту можна было пазнаць, адкуль паходзіць той ці інакшы чалавек.

Сарочка — вышыванка

Значнай часткай строя з'яўляецца сарочка або кашуля. Прынамсі мне больш падабаецца слова сарочка, паколькі яно тлумачыць, колькі па ліку відаў работ трэба зрабіць, каб атрымаць гэтую частку адзення (ад пасеву насення лёну да аздаблення яе арнаментам).       
Давайце ўзгадаем, што такое арнамент. Слова паходзіць ад лацінскага ornamentum — упрыгожванне, узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Праўда, народныя майстры рэдка ўжываюць гэта слова, яго беларусу цяжка вымавіць. А вось словы аздоба, цацкаванне, украса — другая справа. У Столінскім раёне, што ў Брэсцкай вобласці, мне давялося пачуць яшчэ і слова "водзікі". Жыхарка вёскі Цераблічы Марыя Іванаўна Паўловіч патлумачыла: "Гэта іголкай з ніткай бы па палатну вадзіць, туды-сюды". Усё адразу стала зразумела.
Дзяўчаты ў беларускіх народных строях
 
 
Але ж ці толькі ўкраса арнамент? Па-першае, на тэрыторыі Беларусі ён з'явіўся з эпохі верхняга палеаліту, праўда спачатку на вырабах з косткі і рогу, а не на тканіне. Далей былі мезаліт, неаліт, жалезны век і так да часоў Старажытнай Русі і Вялікага Княства Літоўскага, калі ва ўзаемадзеянні культур суседзяў (рускіх, украінцаў, літоўцаў, латышоў, полякаў) у перыяд фарміравання беларускай народнасці (14-16 ст.) нарэшце склаўся наш, адметны арнамент, якім мы цяпер па праву ганарымся.

Абярэгавая магія раней і зараз

Простаму люду ўласціва не рабіць пустой, дарэмнай працы, таму любое дзеянне прасякнута мэтазгоднасцю. Сёння рэдкая жанчына выходзіць з хаты без упрыгожванняў. Падсвядома мы карыстаемся прыёмамі старажытнай абярэгавай магіі. Так і з народным адзеннем. На кожнай частцы яго павінны быў размяшчацца свой узор, пры дапамозе якога майстрыха перш за ўсё жадала сабе здароўя: рукам —  быць дужымі, на каўнер і манжэты — каб хвароба не ўлезла да цела, ззаду на хустцы яркія кветкі — ад злых позіркаў суседкі, узоры на фартуху дапамогуць лягчэй нарадзіць дзіця і г.д.
Арнамент на вопратцы - не толькі украса, але і абярэгавыя сімвалы.
Прычым знакі гэтыя дазіравалі адпаведна ўзросту, сямейнаму статусу. Напрыклад, сарочкі пажылых людзей часта вышываліся белымі ніткамі, у паўсядзённую ўшывалі арнаментаваныя ўстаўкі з вынашанага, старога адзення, сціпла было вышыта і дзіцячае адзенне.

Вясельныя сарочкі — дзве

А вось вясельны строй упрыгожваўся найбольш багата. На яго не шкадавалі ні тканіны, ні крамных нітак, ні часу для вырабу. Вяршыня майстэрства Маладой ацэньвалася вясковай супольнасцю, будучай сям'ёй менавіта па вясельнаму строю. Было прынята вырабляць дзве вясельныя сарочкі. Адну данашвалі пасля вяселля на працягу жыцця падчас сямейных урачыстасцяў, другую, у якой вянчаліся, адкладалі "на смерць".

Ад сакральнага да звычайнага

Найболш старажытны сакральны ромб — геаметрычны арнамент — з цягам часу быў заменены вышытым крыжыкам, геаметрычна-раслінным арнаментам, а яшчэ пазней вышытымі гладдзю расліннымі ўзорамі. Функцыянальнае прызначэнне вышыўкі памянялася. Страціўшы свой семантычны змест і сувязь з магіяй, вышыўка зрабілася выключна спосабам упрыгожвання адзення.

Вышыванка і рызыка дзеля кахання

Кожны год маладзіца павінна была на Каляды справіць свайму чалавеку новую сарочку. Паміж жанчынамі вёскі было негалоснае правіла — не паўтарацца ва ўзорах. Аднойчы мне давялося быць у экспедыцыі ў в. Цераблічы, што ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці, дзе пашанцавала пазнаёміцца з гаваркой Марыяй Лаўрэнцьеўнай Кашэўскай 1924 года нараджэння.
Валодаючы цудоўным пачуццём гумару, цётка Марья распавяла цікавую гісторыю. Калісці ў іх лясным, балоцістым краі людзі ад вёскі да вёскі хадзілі на вялікія адлегласці пешкі і было прынята даваць падарожным прытулак на ноч. Іх кармілі, засцілалі падлогу кулямі саломы, якія пакрывалі  тканымі рагожамі і так укладвалі спаць. Падарожныя доўга яшчэ расказвалі гаспадарам, што ў свеце дзеецца, а, змарыўшыся, засыналі.
Вышываная кашуля, або сарочка
Аднойчы маладая Мар'я запрыкмеціла на адным з мужыкоў прыгожую сарочку. Яна не магла папрасіць агаліцца чужога мужчыну, каб пераняць узор з манішкі, гэта было непрыстойна. Тады яна дачакалася, пакуль чалавек засне і пры святле лучыны пачала вышываць той узор адразу на тканіну, а каб чалавек не падняўся, прачнуўшыся, і справа была завершана, адчайная Мар'я сшыла паміж сабой штаніны падарожнага.
Пад раніцу, скончыўшы працу, вышывальшчыца, асцярожна выцягнула нітку са штаноў. Чалавек пайшоў далей, не здагадваючыся аб сваіх начных прыгодах. Вось яна, рызыка, апраўданая каханнем!

Граматнасць — ад ручнікоў

Узоры тканых і вышываных вырабаў — зашыфраваны аповед пра жыццё народа, прыроду, людзей. "Я няграматная, — казала М. Хведаровіч з Верхнядзвінска, — не ўмею ні чытаць, ні пісаць. Уся мая навука, мая граматнасць ва ўзорах маіх посцілак ды ручнікоў. Там, як у якім добрым кіно, можна дазнацца пра жыццё і людзей, і жывёлы, пра сонейка і зоркі, пра хваробу і пра здароўе, пра дзявочую долю і нядолю, пра ўсё, што ёсць у жыцці".
Разварот кгігі В. Лабачэўскай з фотаілюстрацыямі Г. Ліхтаровіча "Повязь часоў - беларускі ручнік"
Многія майстрыхі ўпэўнены, што тканыя вырабы і ўзоры на іх вылечваюць людзей. Магчыма, яны маюць рацыю. У сваёй калекцыі народнага адзення я маю не адну сарочку. Палову зрабіла сама, палова — аўтэнтычныя рэчы. Адну з іх атрымала як "гасцінец". Калі перад публічным выступленнем я апранаю гэту сарочку, то магу быць упэўнена, што ўсё адбудзецца вельмі добра, сарочка, якую я вышыла сама і брала ў ёй шлюб, здымае мне галаўны боль, касцюм свацці робіць мяне рухавай і творча актыўнай і шмат яшчэ інакшых назіранняў пра астатнія мае сарочкі, аб якіх прамаўчу. А вы, даражэнькія, паспрабуйце зрабіць сабе вышыванку і пабачыце самі, што будзе! У любым выпадку не пашкадуеце.

Моцныя, як дуб, мудрыя, як сава, шчаслівыя, як птушка

Старажытная язычніцкая культура для нас ужо практычна не зразумелая. Сэнс многіх з'яў і сімвалаў нам не вядомы. І ўсё ж яны захаваліся ў нашым жыцці ў абрадах, звычаях, сімвалах. Язычніцтва нясе ў сабе ідэю цеснай сувязі чалавека з прыродай, пакланенню яе сілам. Адна мудрая вясковая жанчына сказала, што галоўнае ў жыцці і ў прыродзе — сонца і зямля. Зямля нас нарадзіла, а памрэм — яна нас прыме. Вялікая таямніца — жыццё. Трэба любіць сонца, любіць зямлю, любіць прыроду і трэба пастарацца, каб і яны палюбілі вас. Тады можна стаць моцным, як дуб, мудрым, як сава, шчаслівым, як птушка.
Строі з традыцыйнай аздобай 6еларускім арнаментам - вышыванкі.
Праз тысячагоддзі да нас дайшлі вобразы і сімвалы любові да прыроды, працы, чалавека. Продкі пакінулі нам добрыя ідэі, звычыі і абрады, абапіраючыся на іх можна крочыць наперад. Вяртанне моладзі да нацыянальных вытокаў у жаданні вырабляць і насіць вышыванкі — пазітыўная з'ява, толькі трэба памятаць, што сваю культурную спадчыну трэба вывучаць і зберагаць для наступных пакаленняў, а не прыдумляць новыя арнаментальныя элементы, ніяк не абгрунтаваныя з боку традыцыйнай культуры. Носім вышыванкі разам!
Напамін аб язычніцкіх часах — у нашых прозвішчах (Жыцень, Сяўрук, Зязюля, Журба, Заранка, Трызна), назвах страў (Жур), назвах і паняццях (Буй, Яр, Волат, Курган, Пярун, Русалка, Масленіца, Дзяды). Усім вядома, што культура славянскаіх плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, была высокай. Нашы далёкія продкі стварылі багатую міфалогію, якая адлюстроўвала іх светапогляд і па сваім узроўні можа быць супастаўлена з добра вядомымі міфалогіямі старажытнейшых сусветных цывілізацый.
Стужка навiн
0