МІНСК, 6 ліп — Sputnik. Памёр Міхась Шавыркін — пра гэта паведаміла дачка журналіста Міраслава Шавыркіна ў сваім акаунце на Фэйсбуку.
На працягу амаль дваццаці гадоў (з 1987 да 2006 года) Міхась Шавыркін узначальваў часопіс "Роднае слова", аб'ядноўваючы вакол выдання найлепшыя творчыя сілы Беларусі — што дазволіла стварыць выданне найвышэйшага прафесійнага ўзроўню. Кожны выпуск "Роднага слова" стаўся міні-энцыклапедыяй, найпершым дапаможнікам не толькі беларускім настаўнікам, але ўсім, хто цікавіўся пытаннямі культуры, гісторыі, літаратуры Беларусі.
Гэта быў чалавек, які вельмі любіў спяваць і ведаў безліч беларускіх песень. Яго захапленне займела шматгадовую прапіску ў газеце "Звязда", дзе Міхась Шавыркін на працягу доўгага часу вёў песенную рубрыку — падаючы для чытачоў тэкст, ноты песні, а таксама гісторыю яе стварэння, расповед пра стваральнікаў у выпадку, калі гэта была аўтарская песня.
У апошнія гады ў выдавецкім доме "Звязда" выйшаў і шэраг прыродазнаўчых кніг для дзяцей, а ў "Мастацкай літаратуры" у суаўтарстве з мастаком Уладзімірам Сулкоўскім — шэраг кніжак-карцінак для дзяцей пра беларускіх пісьменнікаў-класікаў.
Міхась Шавыркін — чалавек, які гуртаваў вакол сябе людзей і аб'ядноўваў — дзеля служэння Беларусі.
Развітанне з Міхасём Шавыркіным адбудзецца 7 ліпеня ў крэматорыі на Паўночных могілках.