МІНСК, 6 ліп — Sputnik. Карціна, прысвечаная творчаму самавыяўленню ў гарадскіх умовах, будзе складацца з 98600 элементаў.
Асновай, на якую будзе пакладзена рознакаляровая мазаіка, сталі 4 аконных праёма агульнай плошчай 9,86 м2. Малюнак будзе выкананы ў стылістыцы pixel art, якая прадугледжвае паступовае стварэнне ілюстрацыі з мноства аднатонных квадратаў.
Мяркуецца, што кожны элемент мазаікі будзе мець свайго аўтара, які сам налепіць свой "піксель" на агульную карціну. Каб стаць адным з аўтараў і прыняць удзел у праекце, неабходна атрымаць свой фрагмент на сайце кампаніі-арганізатара.
Арганізатары праекта, крэатыўнае рэкламнае агенцтва getbob, пракаментавалі сваю ідэю: "Да свайго 5-годдзя мы вырашылі падзяліць з усімі мінчанамі радасць нараджэння крутога праекта і далі ім магчымасць уласнымі рукамі зрабіць нешта карыснае для горада. Гэтак жа, як піксель за пікселем мы збіраем свае інтэрактыўныя праекты, імкнучыся ўкласці душу ў кожны з іх, так і з мноства пікселяў мы разам з іншым неабыякавымі гараджанамі створым арыгінальны арт-аб'ект, які будзе радаваць гасцей і жыхароў Мінска".