МІНСК, 11 ліп — Sputnik. Камары могуць залятаць і на дзявятыя паверхі гарадскіх дамоў, распавёў Sputnik загадчык лабараторыі наземных беспазваночных жывёл ДНВА "Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах" Алег Прышчэпчык.
Sputnik працягвае адказваць на самыя незвычайныя і актуальныя пытанні беларусаў. На гэты раз мінчанка Яўгенія пацікавілася: на які паверх дома могуць далятаць камары?
"Калі сцяна дома разагрэтая, то могуць і на дзесяць паверхаў падняцца. Цёплае паветра паднімаецца ўверх, і казурак падхоплівае паветраная плыня. Але яны і без гэтага могуць высока залятаць", — распавёў Sputnik энтамолаг.
Зрэшты, камары могуць лётаць не толькі высока, але і далёка. Яны здольныя перамяшчацца на некалькі кіламетраў. Жывуць жа яны побач з вадой — ручаём або нават лужынай.
"На дачных участках асяродак размнажэння — бочкі для паліву, у лясах — забалочаная мясцовасць, нізіны, вадаёмы. У каналізацыйных люках таксама могуць быць. Гэта ўжо антрапагенны фактар", — працягнуў Прышчэпчык.
Уздыхнуць спакойна без камароў могуць жыхары дамоў з няшчыльнай забудовай: там вецер здзімае насякомых. Пры шчыльнай забудове такога не будзе. Найбольшую актыўнасць камары праяўляюць надвячоркам, раніцай і пасля дажджу.
"Ёсць рэпеленты, якія адпужваюць насякомых. Але чым больш агрэсіўная атрута ў іх выкарыстоўваецца, тым мацней гэта можа гукнуцца здароўю. Лепш выкарыстоўваць прэвентыўныя меры — імкнуцца знішчаць лічынак, не ствараць для іх зручнага асяродка размнажэння", — параіў вучоны эфектыўны метад барацьбы з камарамі.
Калі ў вас ёсць пытанні, на якія вы ніяк не можаце знайсці адказ, напішыце на электронны адрас office@sputnik.by (з пазнакай "Акей, Sputnik") у нашы акаўнты ў сацыяльных сетках — Twitter, Facebook або Вконтакте. Sputnik абавязкова дапаможа разабрацца.