МІНСК, 11 ліп — Sputnik. Аранжавы ўзровень небяспекі аб'явілі сіноптыкі на аўторак 12 ліпеня. Небяспека звязаная з высокай тэмпературай паветра, якую прагназуюць у паўднёвых рэгіёнах краіны.
"Удзень 12 ліпеня (аўторак) у паўднёвых раёнах рэспублікі максімальная тэмпература паветра дасягне +30…34°С", — папярэджваюць сіноптыкі.
Аранжавы ўзровень небяспекі абвяшчаецца, калі чакаюцца ўмовы надвор'я, якія ўяўляюць рэальную небяспеку — шквалы, ліўні, навальніцы, град, спякота, маразы, снегапады, завеі і іншыя. Гаворка ідзе пра з'явы, якія могуць негатыўна паўплываць на сацыяльна-эканамічную дзейнасць, прывесці да значнага матэрыяльнага ўрону, а таксама пацягнуць магчымыя чалавечыя ахвяры.
У Мінску ў аўторак чакаецца днём да 27 градусаў і без ападкаў. Раніцай і вечарам магчымы невялікі дождж, тэмпература паветра ўначы — каля 20 градусаў цяпла.