МІНСК, 12 ліп — Sputnik. Сяргей Мартынаў стане сцяганосцам алімпійскай зборнай Беларусі на цырымоніі адкрыцця XXXI Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра, капітанам беларускіх алімпійцаў стане вясляр Аляксандр Багдановіч.
Беларускую дэлегацыю ўрачыста праводзілі на Гульні ў Зале алімпійскай славы НАК Беларусі ў аўторак. На ўрачыстай цырымоніі адбыліся выбары сцяганосца і капітана, перадае БелТА.
"Хваляванняў з нагоды таго, што буду сцяганосцам, у мяне няма. Даведаўся пра гэта напярэдадні цырымоніі провадаў дэлегацыі, таму ўпэўнены ў сабе і гатовы выканаць ускладзеную на мяне місію", — цытуе агенцтва словы Мартынава.
У сваю чаргу, капітан беларускіх алімпійцаў адзначыў, што для яго стала нечаканасцю выступіць у такой ролі.
"Здавалася, яшчэ зусім нядаўна сам быў маладым атлетам і перад Гульнямі 2008 і 2012 гадоў сам раўняўся на больш вопытных і заслужаных алімпійцаў. Зараз гэты гонар выпаў мне, паспрабую не падвесці і быць прыкладам для ўсёй нашай каманды", — адзначыў алімпійскі чэмпіён у веславанні на байдарках і каноэ.
У ходзе ўрачыстай цырымоніі старшыня камітэта па падрыхтоўцы да Алімпійскіх гульняў Наталля Качанава выказала ўдзячнасць старшыням федэрацый і трэнерскага складу, якія рыхтавалі беларускіх алімпійцаў.
"Беларускі народ у ходзе Гульняў пільна будзе сачыць за выступленнем і горача падтрымліваць беларускіх спартоўцаў", — падкрэсліла Качанава.
Алімпійскія гульні пачнуцца 5 жніўня ў Рыа-дэ-Жанейра. Беларускую зборную прадставяць 144 атлеты, якія прымуць удзел у спаборніцтвах па 25 відах спорту. Першая група беларускіх спартсменаў адправіцца ў Рыа 23 ліпеня.