МІНСК, 13 ліп — Sputnik. Уладальнікі кватэр без прапісаных жыхароў і ўстаноўленых лічыльнікаў будуць плаціць за ваду з 1 кастрычніка, паведаміла Sputnik прадстаўнік "Мінскводаканала" Кацярына Калюга.
Да 1 кастрычніка ўладальнікам кватэр без прапісаных жыхароў і лічыльнікаў за ваду ў прынцыпе плаціць не прыходзіцца, аднак такіх становіцца ўсё менш. Па дадзеных на пачатак ліпеня, у Мінску каля шасці тысяч кватэр застаюцца "без жыхароў" і лічыльнікаў.
Змяненні ў Палажэнне аб парадку разлікаў і ўнясення платы за ЖКГ уступае ў сілу з кастрычніка. Тады ўладальнікам падобных кватэр давядзецца плаціць за ваду — прычым значна больш, чым за жыллё з прапісанымі жыхарамі і лічыльнікам.
Так, паводле папярэдніх разлікаў, за двухпакаёвую кватэру ў сталіцы давядзецца плаціць лішнія 180-220 тысяч рублёў (18-22 дэнамінаваных — Sputnik). Разлік будзе адбывацца зыходзячы з умоўнай колькасці грамадзян, вызначанай шляхам дзялення агульнай плошчы жылога памяшкання на 20 кв. метраў.
Плата будзе спаганяцца па тарыфах, што забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат (11 405 руб./м3 (у тым ліку водазабеспячэнне — 6 875 руб./м3, водаадвядзенне (каналізацыя) — 4 530 руб./м3).
У сувязі з гэтым у "Мінскводаканале" прапануюць усё ж усталяваць лічыльнікі ўліку вады, каб не давялося пасля плаціць больш.