МІНСК, 14 ліп — Sputnik. Дрэннае надвор'е захаваецца ў асобных раёнах Беларусі ў чацвер 14 ліпеня — зноў чакаюцца моцны вецер і навальніцы, паведамілі Sputnik у Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Непагадзь прыйшла ў рэспубліку ў другой палове панядзелка 11 ліпеня: у шэрагу рэгіёнаў прайшлі моцныя дажджы, месцамі вецер узмацняўся да шквалістага. Найбольш пацярпелі ад моцнага ветру Гродна і Шаркаўшчына — там стыхія пашкодзіла дахі дамоў, зламала шмат дрэў. У аўторак разбурэнні ад шквалаў былі зафіксаваныя ў Дзяржынску, а ў сераду — у Мінску.
"На большай частцы тэрыторыі чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. У асобных раёнах град, па захадзе краіны — моцныя залевы", — сказалі ў Гідраметцэнтры.
Там таксама паведамілі, што вецер будзе ўсходняга напрамку, слабы, аднак месцамі пры навальніцах — парывісты.
Паводле інфармацыі сіноптыкаў, максімальная тэмпература паветра ўдзень складзе +22…28°C, па паўднёвым усходзе Беларусі — да +34°C. У Мінску будзе крыху халадней — да +26°C, магчымы кароткачасовы дождж і навальніца.