14 ліпеня 1941 года ў 15 гадзін 15 хвілін на адным з участкаў абароны 20-й арміі на ўсход ад Оршы над лесам падняліся воблакі чорнага дыму, і з нязвыклым гулам і шыпеннем у бок гітлераўскіх войскаў паляцелі вогненныя стрэлы. Так заявілі пра сябе "Кацюшы" — баявыя машыны рэактыўнай артылерыі.
Эфект аднаразовага разрыву 112 мін на працягу некалькіх секунд перасягнуў усе чаканні. У данясенні Генеральнаму штабу Вермахта гаварылася, што "войскі, абстраляныя рускімі, сведчаць: агнявы налёт падобны ўрагану". Нямецкія салдаты празвалі новую савецкую зброю "Чорнай смерцю".
Першае і паспяховае баявое прымяненне Чырвонай Арміяй парахавых ракет новага тыпу датуецца жніўнем 1939 г., тады ў баях за Халхін-Гол снарады "РС-82" знішчалі як наземныя аб'екты, так і самалёты праціўніка.
Мабыць, ні адзін з відаў зброі часоў Вялікай Айчыннай не быў акружаны такой завесай сакрэтнасці: архівы захавалі кадры на заводах, якія выраблялі танкі, гарматы, самалёты, боепрыпасы, але няма ніводнага відэафрагмента, дзе была б паказаная зборка легендарных "Кацюш".
Акрамя таго, у баях з удзелам гэтых установак забараняліся каманды "плі", "агонь", "залп". Замест іх гучала: "спявай" ці "грай"!
Рэактыўная артылерыя ўдзельнічала ва ўсіх буйных ваенных аперацыях. Пры штурме Берліна ў 1945 годзе толькі ў паласе наступу 3-й ударнай арміі было выдаткавана амаль 12,5 тысячаў рэактыўных снарадаў.
Да гэтага часу няма адзінага меркавання, чаму аднаму з самых страшных відаў ўзбраення дадзена жаночае імя. Аднак вядомы той факт, што ўклад баявых машын рэактыўнай артылерыі "Кацюш" у перамогу над ворагам пераацаніць немагчыма.