МІНСК, 14 ліп — Sputnik. Палац Чапскіх, размешчаны ў гарадскім пасёлку Прылукі, не пацярпеў ад віхуры, але парк вакол практычна цалкам знішчаны, распавялі Sputnik у Інстытуце аховы раслін, у чыім ведамстве знаходзіцца будынак палаца.
"Парку больш няма, усе дрэвы паваленыя, гэта жахліва", — распавяла кіраўнік планава-вытворчага аддзела Яўгенiя Ганчар.
Паводле яе слоў, вецер, які наляцеў на пасёлак напярэдадні, валіў дрэвы і зрываў дахі. Практычна суткі пасёлак сядзеў без электрычнасці.
"Ні святла, ні сувязі не было. Дзіўна, як вы датэлефанаваліся", — заўважыла Ганчар.
Сядзіба ў Прылуках пад Мінскам вядомая з XVII стагоддзя. Гэта месца ў розны час належала Агінскім, Іваноўскім, Оштарпам, Горватам і Гутэн-Чапскім. Спачатку тут быў кляштар, перароблены ў 1740 годзе ў замак. Свой цяперашні выгляд сядзіба набыла ў 1851 годзе пры графе Оштарпе. Тады ж і быў разбіты парк.
Чапскія аднаўлялі палац ужо пасля пажару ў 1868 годзе. Адзін час сядзіба была своеасаблівым культурным цэнтрам. Тут гасцяваў са сваім бацькам кампазітар Станіслаў Манюшка, бываў Напалеон Орда. Дарэчы, першы беларускі нацыянальны фільм "Лясная быль" у 1926 году таксама здымалі тут.