Грамадзянам Еўразійскага эканамічнага саюза, куды ўваходзяць Расія, Арменія, Казахстан і Кіргізія, з 15 ліпеня не спатрэбіцца атрымліваць спецдазволу на працу ў Беларусі, паведаміла радыё Sputnik Беларусь юрыст карпаратыўнай практыкі Revera Таццяна Лызо.
Паводле яе слоў, грамадзянам гэтых краін неабходна будзе толькі зарэгістравацца і атрымаць дазвол на знаходжанне ў Беларусі.
"Што тычыцца ўкраінцаў, то ім, на жаль, з 15 ліпеня стане складаней атрымаць працу ў Беларусі, паколькі паміж нашымі краінамі не падпісаны адпаведныя пагадненні ў галіне міграцыі. Пры гэтым украінцаў, паводле статыстыкі, прыязджае ў Беларусь больш за ўсё", — распавяла спецыяліст.
У Беларусі з 15 ліпеня ўступаюць у сілу змены і дапаўненні ў Закон "Аб знешняй працоўнай міграцыі", якія робяць больш жорсткімі правілы прыёму на працу працоўных мігрантаў. У МУС заяўляюць, што гэта дазволіць абараніць нацыянальны рынак працы.