Прыйшоў Пятрок – апаў лісток: збіраем скрыпень на "капорскі чай"

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЗёлкі на паляне
Зёлкі на паляне - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Усяго толькі тыдзень, як мінула Купалле – і вось ужо адсвяткавалі Пятра і Паўла: пасля гэтага свята лета як з гары коціцца.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik
У народзе кажуць: "Прыйшоў Пятрок — апаў лісток". Восень не за гарамі, і я паспяшалася ў лес — збіраць святаяннік, чабар і скрыпень.

Агонь і вада, паяднаныя ў кветцы

Скрыпеню на лясных пустках столькі, што хоць касой касі! І касілі, і жалі, і ў мяшкі збіралі і везлі дахаты, каб мець смачную гарбату на доўгі час.
А ў лесе цяпер чароўна! Рукі пахнуць чабаром і сунцамі, вусны сінія ад чарніц і так і цягне прылегчы на траву, схаваўшыся ад спякоты ў бярозавым гайку.
Блукаючы па лясных сцяжынках, раптам натрапіла на палянку, заселеную сіня-жоўтымі кветкамі, якія называюцца "браткі" або "Іван-ды-Мар'я". От, падумала — Купалле не хоча са мной развітвацца!
І ўзгадаліся радкі з купальскай балады, якую заўжды спяваюць у кульмінацыйны момант свята, пакуль не згарыць кола на ашостку і не пагасне вогнішча.
У баладзе распавядаецца, як брат ажаніўся з сястрою і як яны абярнуліся ў "браткі" — кветкі "Іван-ды-Мар'я":
"…А сястрыца сіненька, што плакала сільненька,
а брацейка жоўценькі, што ён плакаў моўчанькі.
Пойдзем сястра ў лясок, ды скінемся травою.
Будуць дзеўкі краскі рваць, сястру  з братам успамінаць"…
Дзівосны свет народнай фантазіі! Навукоўцы мяркуюць, што ў баладзе ў такой форме ў купальскую ноч яднаюцца дзве стыхіі — агню і вады.

Скрыпень на "капорскі чай"

Палюбаваўшыся на кветкі, пакінула іх шаптацца з ветрам аб Купаллі і кароткай Пятровай ночцы. Рыпіць у лясным гушчары высокая танклявая бяроза, а на лясной высечцы цвіце духмяны скрыпень, заклікаючы мяне да працы!
Высокія мяцёлкі кветак вабяць у яркія водарныя зараснікі. Лісце скрыпеню нагадвае лісце вярбы, а ружовыя кветкі сабраныя ў завостраную гронку. Больш вядомая назва гэтай расліны "іван-чай" або "кіпрэй". А яшчэ я налічыла можа з дзесятак назваў гэтай цудоўнай расліны. Вось толькі некаторыя з іх:
  • "дрома", "драмуха" называюць яе за снатворнае дзеянне, як у валер'яны;
  • "вярба-трава" — за лісцё, падобнае да вербнага;
  • "пажарнік" — першым засяляе пусткі ў лесе пасля агню;
  • "пухавік" — таму што насенне з пухам, з якога рабілі вату. Ім набівалі падушкі і матрасы, пралі ніткі і вязалі хусткі;
  • "хлебніца" — дадавалі ў муку змолатае саладкаватае карэнне травы пры выпечцы хлеба
  • "дзікі лён" — за высокія лубяныя якасці. З валокнаў скрыпеню, як з канопляў, вілі вяроўкі і нават ткалі палатно. Дарэчы, "скрыпенем" яе называюць таму, што калі рвуць з каранём, трава выдае характэрны гук.
Гэту расліну нярэдка ўжываюць у ежу. Маладыя каранёвыя атожылкі і парасткі адварваюць, як спаржу. Саладкаватыя на смак карэнішчы ядуць сырымі і варанымі. Высушанае лісце заварваюць і атрымліваюць моцны і смачны напітак.
Цвіце скрыпень з сярэдзіны ліпеня па верасень. У гэты час і збіраюць лісце і кветкі расліны, якія ўтрымваюць у сабе безліч каштоўных рэчываў.
Нарыхтоўваюць сыравіну рознымі спосабамі. Можна проста высушыць яе ў цяньку на вышках з добрай вентыляцыяй, але можна зрабіць і "капорскі чай".
Цікава ведаць. У Расіі гарбата з кіпрэю або іван-чаю вядома з 12 ст. Пазней яе пачалі рабіць манахі, якія жылі недалёка ад сучаснага Санкт-Пецербурга ў вёсцы Капора. Напітак спадабаўся англічанам, якія пэўны час кантрабандай вывозілі "капорскі чай" на радзіму. Пасля мясцовымі жыхарамі справа была пастаўлена на паток і чай экспартавалі ў Еўропу. Пік прыйшоўся на 17-19 ст. Вытворчасць заваркі не спынялася на працягу года. Тую частку, якую не паспявалі апрацаваць улетку, захоўвалі ў каменных лядоўнях на крыгах лёду. А далей "капорскі чай" з рынку пасунулі індыйскі і кітайскі чаі. Лічыцца, што якасці ў гарбаты са скрыпеню інакшыя. Па лекавых уласцівасцях і крэпасці ён пасярэдзіне паміж чорным і зялёным чаямі. Добра высушаны, напітак мае колер чорнага чаю, але з больш насычаным фруктова-кветкавым водарам. Ужываюць пры харчовых і алкагольных атручваннях, пры частых стрэсах, дэпрэсіі і высокай псіхаэмацыянальнай нагрузцы, сіндроме хранічнай стомы і іншых паказчыках.

Сакрэты вытворчасці

Гарбату атрымвалі, запарваючы лісце расліны пасля яго папярэдняй ферментацыі і сушкі.      
Сабраўшы лісце, іх вяляць у цені 1 дзень, увесь час варушачы, каб не падсохла па версе і з бакоў, тады скручваюць у далонях, пакуль не выпусцяць сок, а затым такія скруткі раскладаюць на бляху, або ў кош і накрываюць мокрым ручніком. Цяпер лісце будзе праходзіць працэс ферментацыі 6-10 гадзін да з'яўлення прыемнага водару садавіны.
Пасля гэтага скруткі трэба раскруціць і раскласці на блясе, засланай папярэдне пергаментнай паперай.
Сушаны скрыпень
Далей сушаць ў печы або духоўцы пры даволі нізкай тэмпературы ад 50 да 100 градусаў — ад 40 хвілін да 1,5 гадзіны.
Дзверы духоўкі злёгку адчыняюць. Часам на дно шафы кладуць дзве цагліны з чырвонай гліны, каб яны ўбіралі ў сябе лішнюю гарачыню і сыравіна не падгарэла і не перасушылася.
Натуральна, што рабіць усё гэта лепей у хатняй печы, склаўшы лісцікі ў гліняныя гаршочкі, як гэта рабілі нашы продкі, але дзе ж іх цяпер возмеш! Таму духоўка ў кватэры будзе ў самы раз. Кажуць, што не спрактыкаваныя людзі за дзень могуць атрымаць 300-400 г сухога прадукта, тэрмін захоўвання якога ў шкляных слоіках не менш за 3 гады.
Пачынаюць ужываць гарбату не раней чым праз месяц пасля прыгатавання сыравіны і ўвогуле, кажуць, чым больш яна захоўваецца, тым вышэйшая ў яе якасць. Адбываецца дадатковая сухая ферментацыя.
Хутка можна будзе напіцца духмянага чаю!
Можна атрымаць грануліраваную гарбату. Робяць гэта так. Пасля ферментацыі лісце прапускаюць праз мясарубку і высушваюць на бляхах, як апісана вышэй.

Першы спосаб

Запарваюць такую гарбату як звычайны чорны чай.
0,5-1 ч лыжку заваркі заліць 200 мл кіпятка, настаяць 3-5 хв і піць маленькімі глыткамі без цукру, бо на смак ён саладкаваты.

Другі спосаб

3 ст лыжкі заваркі заліваюць 1 літрам кіпятку і заварваюць на працягу 20-30 хвілін.
Парады старой зяляркі. Цётка Лявоніхіа раіла ўжываць гарбату са скрыпеню не болей за месяц, каб не нашкодзіць страўніку. Пасля перапынку ў 1 месяц ласавацца такім чаем можна прадоўжыць. А так супрацьпаказальнікаў для яго ўжывання амаль няма. Бадай што немаўлятам яго не даюць і дзецям робяць настой слабейшы.

Скрыпень-дзявочае ўмываннё

Настой з кветак скрыпеню (1 ст лыжка сухога зелля на 200 мл кіпятку) выкарыстоўваюць для паравой ванны перад касметычным масажам.
Супрацьзапаленчая маска: узяць 10 мл настойкі кветак скрыпеню на гарэлцы, дробную соль "экстра" на канцы нажа і талакно, змяшаць да стану вадкай смятаны і накласці на твар на 10-15 хв.
Будзьце здаровыя і прыгожыя!
Стужка навiн
0