Вольга Савіцкая, Sputnik
На знакамітым фільме "Мэры Попінс, да пабачэння!" вырасла не адно пакаленне. Фразы з фільма разышліся на цытаты, а песні Максіма Дунаеўскага сталі музычнай эстраднай класікай.
Аднак мала хто ведае, што ў тэлевізійны фільм увайшлі далёка не ўсе песні, напісаныя кампазітарам для гэтага твора. Затое ўвесь музычны матэрыял у новай аранжыроўцы стаў асновай для новага шоў-мюзікла "Мэры Попінс" Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатру. Першы прэм'ерны паказ спектакля адбудецца 14, наступны — 21 ліпеня. Якой сталася новая пастаноўка? Sputnik пагаварыў са стваральнікамі спектакля.
Міхаіл Кавальчык, рэжысёр-пастаноўшчык:
"У фільм было ўключана сем шлягераў, створаных Максімам Дунаеўскім. У нашым спектаклі — у два разы больш. Калісьці, яшчэ падчас службы мастацкім кіраўніком у Валгаградскім музычным тэатры, я хацеў паставіць спектакль "Пунсовыя ветразі" на музыку Дунаеўскага, але не атрымалася. Пазней мы сустрэліся з Максімам Іосіфавічам у Маскве на адной з прэм'ер і дамовіліся аб пастаноўцы спектакля пра Мэры Попінс ў Беларускім музычным тэатры. Кампазітар распавёў, што ў яго ёсць песні, якія не гучалі ў фільме, і дазволіў нам гэтую музычную фактуру выкарыстоўваць. Дарэчы, ён абяцаў прыехаць да нас на адзін са спектакляў.
Я зрабіў літаратурна-сцэнічную рэдакцыю. Мастак Андрэй Меранкоў стварыў арыгінальную сцэнаграфію, выкарыстоўваючы як традыцыйныя дэкарацыі, так і камп'ютэрную графіку. Мы запрасілі харэографа з Латвіі і не памыліліся — Ірына Савельева прынесла нямала новых ідэй і сваё цікавае бачанне.
Над спектаклем працавалі проста з зачараваннем, таму што ў нашым распараджэнні была выдатная драматургія Памэлы Трэверс (на аснове якой Вячаслаў Вербін напісаў лібрэта), музыка Максіма Дунаеўскага, бліскучыя вершы да якой стварыў ленінградскі паэт Навум Олеў. Спецыяльна для нашага тэатра Максім Дунаеўскі дазволіў зрабіць аранжыроўку Льву Карпенку — мінскаму музыканту і цудоўным аранжыроўшчыку, які даўно сябруе з маэстрам. Дырыжор-пастаўшчык нашага спектакля — Юры Галяс, які тонка адчувае музыку і цікава інтэрпрэтуе яе. Кожны з нашых пастаноўшчыкаў пастараўся ўнесці нешта сваё, самабытнае, і ў выніку ўжо добра вядомы матэрыял глядзіцца па-новаму.
На мой погляд, Мэры Попінс актуальная сёння тым, што яна прыляцела ратаваць і выхоўваць не дзяцей, а у першую чаргу іх бацькоў. У спектаклі Майкл і Джэйн пытаюцца ў Міс Дасканаласць: "Мы ведаем, што вы ўмееце лётаць, размаўляеце з жывёламі, чаму нашы бацькі ў гэта не вераць?" На што Мэры ім адказвае: "Яны гэта ведалі, але забыліся, таму што сталі дарослымі". У гэтым ключ да спектакля: сталеючы, мы губляем веру ў цуды. "Вер у цуды, — кажа Лэдзі Дасканаласць, — і тады спраўдзяцца ўсе твае мары".
Спектакль пра Мэры Попінс на музыку Дунаеўскага ідзе ў Санкт-Пецярбургу і яшчэ адзін быў нядаўна пастаўлены ў Маскоўскім ТЮГу. Гэта дзіцячыя спектаклі, а мы паставілі дарослы, дакладней, сямейны спектакль. У нас сваё музычнае прачытанне і арыгінальная пастаноўка. Галоўным маім крытыкам будзе ўнук, ён паглядзеў усе фільмы, а потым сказаў: "Ну добра, дзед, прыйдзем, паглядзім!"
Маргарыта Александровіч, выканаўца ролі Мэры Попінс:
"Калі я пачала знаёміцца з гэтым матэрыялам, мне здавалася, што ўсё ў ім проста і зразумела. Але гэтая прастата апынулася ўяўнай. Вельмі складана сыграць чараўніцу, фею, магчыма, іншапланецянку — і пры гэтым гувернантку. Строгую, рамантычную, гарэзную. Да таго ж яна Лэдзі Дасканаласць, і давесці гэта — мая звышзадача. Наогул няпроста ствараць на сцэне цуд, такі, каб глядач у яго паверыў. Што тычыцца музыкі, на працягу ўсяго спектакля мы выконваем цудоўныя шлягеры, з выдатнымі тэкстамі і ў выдатнай аранжыроўцы. Вельмі цікава было пазнаёміцца з дадатковымі нумарамі, якія былі напісаныя кампазітарам да спектакля. Наш спектакль — гэта шоў-мюзікл, таму падача матэрыялу павінна быць адпаведнай".
Ірына Савельева, харэограф:
"Мне вельмі хацелася зрабіць балетныя нумары яркай адметнасцю ў нашым спектаклі. Я люблю арганіку на сцэне, таму мяне больш за ўсё раздражняе, калі артысты не прапускаюць праз сябе ролю, а проста паўтараюць указанні балетмайстра. Я на такіх спектаклях доўга выседзець не магу, і ў сваіх пастаноўках у Даўгаўпілскім і іншых тэатрах імкнуся падобнага не дапускаць. Ёсць вельмі дакладая фраза: "Свабода паперад правільнасці". Мы імкнемся знайсці для кожнага з нашых герояў прыдатную толькі яму пластыку. Адзінага стылю ў спектаклі няма, мы выкарыстоўваем і контэмпарары, і сцэнічную пластыку, і працу з прадметамі. Таксама адштурхваемся ў харэаграфіі і ад касцюмаў танцоўшчыкаў. Проста танец мне не так цікавы, як сінтэз мастацтваў, калі розныя інструменты ўключаюцца і з'яўляецца больш магчымасцяў для ўвасаблення задумы.
Мне абсалютна ўсё адно, што на дадзеную тэму было зроблена да нашага праекта. Я "абнуляюся" і не параўноўваю спектакль з папярэднімі кінаверсіямі або тэатральнымі пастаноўкамі, і заклікаю гледачоў абнуліць свае папярэднія ўражанні — проста прыйсці і ўбачыць тое, што ім прапануюць тут, не параўноўваючы ні з чым. Калі мне прапанавалі ўдзел у праекце, у мяне прамільгнула думка перагледзець фільмы, расійскі і амерыканскі, але потым я яе адмяла і падумала: "А навошта? У мяне сваё бачанне і сваю размову са светам".
Любоў Сідзельнікава, мастак па касцюмах:
"Усімі любімы савецкі мастацкі фільм пра Мэры Попінс быў для свайго часу вельмі сучасным. Аўтары карціны зрабілі арыгінальную кінаверсію, зусім адрозную ад амерыканскай экранізацыі вядомага твора. Мы таксама рыхтуем сваю сцэнічную версію, што, вядома, досыць складана, калі на цябе ўплываюць такія цудоўныя творы кінамастацтва. Так як у нас у спектаклі гучыць музыка Максіма Дунаеўскага — сцэнар фільма узяты за аснову. Па канцэпцыі рэжысёра Міхаіла Кавальчыка сюжэт не будзе глабальна зменены, але пастаноўка будзе сугучная нашаму часу.
Таму і касцюмы будуць сучаснымі, а іх прыдумаць часам складаней, чым класічныя гістарычныя. У актуалізаванай пастаноўцы неабходна знайсці нейкі асаблівы стыль, разыначку ў касцюмах для кожнага персанажа. Так як наша Мэры — Лэдзі Дасканаласць, яе касцюм павінен быць простым і адначасова экстравагантным. Сама дасканаласць у маім разуменні — гэта ангельская культура, выхаванне, манера трымацца. Касцюмы для галоўнай гераіні, я спадзяюся, атрымаліся па-ангельску простымі і элегантнымі. Яны будуць дапоўнены цікавымі капялюшамі. Ролі Майкла і Міс Бэнкс выконваюць зусім маладыя артысты нашага тэатра. Для іх мы прыдумалі суперсучасныя вобразы і касцюмы. Будзем выкарыстоўваць сучасныя тканіны, сеткі, прынты. Прадугледжана некалькі пераменаў касцюмаў для ўсіх артыстаў — на сцэне будуць працаваць салісты, балет, хор. Таму касцюмаў будзе шмат, але з такім цікавым сюжэтам і змястоўным матэрыялам працаваць адна асалода".