МІНСК, 18 ліп — Sputnik. Больш за 760 населеных пунктаў Беларусі засталіся без электраэнергіі ў ноч з нядзелі на панядзелак, паведамілі Sputnik у ДВА "Белэнерга".
Раней на панядзелак сіноптыкі ў сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі. МНС Беларусі папярэджвала пра моцныя навальніцы і ветры.
"На тэрыторыі рэспублікі былі абясточаныя 766 населеных пунктаў. Адключэнні аператыўна ліквідуюцца аварыйнымі брыгадамі", — сказалі ў Белэнерга.
Там таксама паведамілі, што па стане на 09.00 панядзелка ў выніку праходжання чарговага навальнічнага фронту адключанымі ад энергазабеспячэння заставаліся 473 вёскі. Ад наступстваў стыхіі больш за ўсё пацярпелі Гомельская, Мінская і Магілёўская вобласці.
"У ліквідацыі наступстваў задзейнічана 207 аварыйна-аднаўленчых брыгад", — удакладнілі энергетыкі.
У аб'яднанні таксама распавялі, што зараз аднаўленчыя работы на лініях працягваюцца.