Яўген Казарцаў, Sputnik
Урачыстая цырымонія закрыцця 25-га фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" адбудзецца ў панядзелак. Карэспандэнт Sputnik прасачыў, што абмяркоўвалі госці і ўдзельнікі форуму ў кулуарах, і дзе былі артысты і журналісты падчас канцэртаў.
"Гэта значна лепш за Еўрабачанне"
У чарзе за дранікамі пасля аднаго з канцэртаў да карэспандэнта па-ангельску звярнуўся сербскі журналіст з просьбай перавесці яму меню і дапамагчы зрабіць заказ. Як высветлілася, у кропках з вулічнай ежай Віцебска з замежнымі мовамі знаёмыя на ўзроўні "thank you" і "hello".
"Нічога страшнага, часта разумеюць нават мову жэстаў. І дапамагчы заўсёды гатовы", — падзяліўся сербскі госць.
Пазней, падмацоўваючыся дранікамі, калега адзначыў: "Славянскі базар" падабаецца яму куды больш за "Еўрабачанне", на якое ён таксама ездзіць рэгулярна.
"Разумееш, тут — сапраўдныя музыканты. І конкурс менавіта вакалістаў, а не шоў. Традыцыі савецкай эстрады захоўваюцца — бо гэта і была сапраўдная музыка, а не тое, што цяпер па MTV круцяць", — растлумачыў серб і пачаў нахвальваць беларускія дранікі.
Усе дарогі вядуць у бар
Магчыма, вам знаёма паняцце "месца сілы" — гэта пэўныя лакацыі з моцнай энергетыкай. Віцебск у дні фестывалю становіцца менавіта такім, а галоўным цэнтрам прыцягнення аказваецца арт-кафэ на апошнім паверсе Летняга Амфітэатра. Тут падчас выступленняў калегаў бавілі час артысты, якія спакойна сядзелі побач з журналістамі і супрацоўнікамі фестывалю: за стойкай еў слойкі з сырам расійскі спявак Сяргей Лазараў, а крыху далей вырашылі прыгубіць нешта артысты калектыву Надзеі Бабкінай.
"Кошты сёлета тут паднялі — проста жах", — панаракаў адзін тэлежурналіст і кінуў задуменны погляд на Тэа, які стаяў ля барнай стойкі.
Суразмоўца таго, хто наракаў на кошты, кіўнуў, а ўжо праз хвіліну паглядзеў на гадзіннік і ўстаў — спяшаўся на выступ Алы Пугачовай.
"Калі ж яе яшчэ ўбачыш, толькі дзеля яе і ехаў", — пасмяяўся ён.
"Для якога гэта пакалення?"
Калі замежныя журналісты сапраўды хвалілі фестываль, то суайчыннікі ставіліся да яго з ладнай доляй скепсісу. Акулы пяра, мікрафона і тэлекамеры пілі каву ў прэс-цэнтры і дзяліліся ўражаннямі аб мінулых канцэртах.
"За кулісы не пускаюць, ні з кім толкам не пагутарыць. І артысты тыя ж самыя — ужо 25 гадоў глядзім на Лявонцьева і Доліну, нічога новага. Неяк ў папярэднія гады стараліся больш. І для якога гэта пакалення ўвогуле робяць — ці то для старых, ці то для моладзі", — пыталі яны адзін аднаго.
Зрэшты, калегі таксама знаходзілі забаву па душы. Многія спрабавалі злавіць крытыка Сяргея Саседава і зрабіць з ім сэлфі, іншыя ж спрабавалі "прыціснуць да сценкі" высокіх гасцей фестывалю — міністра культуры Беларусі Барыса Святлова і яго расійскага калегу Уладзіміра Мядзінскага.
Сёння свята віцяблян
Здаровая (часам — і празмерная) крытыка некаторых гасцей фестывалю ніяк не тычылася жыхароў Віцебска. Для іх "Славянскі базар" — бяспрэчнае свята і падстава ў ліпені адпачываць цэлы тыдзень.
"Усе рыхтуемся да яго, кожны імкнецца паказаць, што ўмее", — распавёў Sputnik адзін з удзельнікаў "Горада майстроў", які гандлюе драўлянымі вырабамі ручной працы.
Жыхары горада, якія не ўдзельнічалі ў мерапрыемствах фестывалю, таксама дзяліліся ўражаннямі — у адной з кавярняў адбылася надзвычайная размова: па горадзе гуляў Лазараў, а яго амаль ніхто не пазнаваў. Пра неапазнанага Лазарава двое хлопцаў размаўлялі паўгадзіны, пасля чаго пайшлі глядзець "нейкія танцы — кажуць, прыгожа будзе".
Фестывальныя мерапрыемствы пройдуць у Віцебску аж да серады, пасля чаго "Славянскі базар" развітаецца з усімі да ліпеня 2017 года.