Уладзімір Несцяровіч, Sputnik.
Тыя, хто ўдзельнічае ў парадзе (спартсмены, трэнеры, урачы, адміністрацыйная група), цырымонію бачаць у вельмі ўрэзаным выглядзе. Ды і сама дэлегацыя, якая з'яўляецца на стадыёне, заўсёды не поўная: некаторым атлетам заўтра выходзіць на старт, і ім зусім ні да чаго стоптваць ногі і псіхалагічна напружвацца. Адымем яшчэ і тых, хто пакуль не прыбыў на Алімпіяду, таму што іх спаборніцтвы пачнуцца праз некалькі дзён — агулам, 27 ліпеня 2012 года на новенькі лонданскі Алімпійскі стадыён ад Беларусі выйшла чалавек 40-45.
Ля кожнага дома, дзе пражывалі дэлегацыі, арганізатары загадзя выбудавалі штабелі бутэлек з вадой і лёгкага перакусу (арэшкі, пліткі мюслі, нейкія прысмакі). Даўжэзную калону выбудавалі строга па алфавіце. Беларусь апынулася паміж Белізам і Бельгіяй.
Устаноўка: рухацца шчыльна, ня расцягвацца. Да стадыёна, калі наўпрост праз Алімпійскі парк, не вельмі далёка — рушылі!
Выходзім за вароты, а там — калідор: не вельмі высокія металічныя агароджы, за якімі мора людзей! Дзеці і дарослыя (відаць, школьнікі і настаўнікі) з зіхоткімі шарамі ў руках, нейкімі плакатамі. Тут жа вайскоўцы, паліцэйскія, проста разявакі, якім не пашчасціла трапіць на стадыён. Усе махаюць рукамі, пляскаюць, штосьці крычаць, усміхаюцца. Ну проста свята!
Спачатку мы ішлі строем, строга трымаючы раўненне (як вучылі), але чым больш прыпынкаў было на шляху, тым мацней пачынаўся разброд. Першымі сарваліся афрыканцы. Яны пачалі падбягаць да ачаплення, фатаграфавацца, раздаваць аўтографы. Нашы таксама не вытрывалі. Самымі актыўнымі аказаліся баксёр Сяргей Карнееў і яго трэнер Канстанцін Маханькоў. Мне здаецца, яны сфатаграфаваліся з усімі прыгожымі дзяўчатамі, якія сустракаліся на шляху. Дарэчы, менавіта яны першымі ўбачылі плакат з надпісам "Belarus", на якім быў намаляваны беларуска-брытанскі поціск рукі на фоне нашага сцяга. Крута!
Выйшлі мы загадзя, тупалі доўга, але неяк весела, хоць і хвалюючыся. Наперадзе вабіў рознакаляровымі агнямі і музыкай 80-тысячны стадыён. Мы чулі, што прадстаўленне падрыхтавалі грандыёзнае, хоць сцэнар па традыцыі і не выдаваўся. Але ў нас быў свой чалавек з ліку ўдзельнікаў цырымоніі. Сярод валанцёраў, замацаваных за беларускай камандай, апынулася наша суайчынніца, якая жыве і працуе ў Лондане. Напярэдадні яна рэгулярна ўцякала на рэпетыцыі, на нашы просьбы прыадчыніць заслону таямніцы адказвала толькі мілай усмешкай, але ўсё ж пагадзілася паказаць некалькі фатаграфій з тэлефона. Уразіла.
Ля самога стадыёна сталі з'яўляцца касцюміраваныя групы — артысты, якія завяршылі свой выступ. Яны прыпыняліся за агароджай, фатаграфавалі нас, мы — іх, і ўсе ўсміхаліся.
У нейкі момант над арэнай закружыў верталёт, адтуль хтосьці выскачыў. Гэта мы потым даведаліся, што нібыта Джэймс Бонд на пару нібыта з Лізаветай II апусціліся на стадыён на парашутах.
А потым быў праход па бегавой дарожцы. Наперадзе беларускай дэлегацыі з Дзяржаўным сцягам у руцэ ішоў тэнісіст Максім Мірны. Ёсць прадузятасць і нават нейкі праклён, які нібыта пераследуе сцяганосцаў: яны, як правіла, не заваёўваюць алімпійскія ўзнагароды. Наш Макс напэўна ведаў гэтыя байкі, але ўсё ж не стаў адмаўляцца ад ганаровай місіі. А затым на пару з Вікторыяй Азаранка даказаў, што ўсё гэта — лухта, абыграўшы ў фінале брытанскі дуэт Эндзі Марэй/Лора Робсан і заваяваўшы залатыя ўзнагароды.
Так атрымалася, што наша невялікая група ў канчатковым выніку спынілася якраз насупраць ложы, дзе сядзела брытанская каралева. У кагосьці апынуўся пры сабе бінокль — мы разглядалі каралеву, яна… наўрад ці заўважала нас.
Некаторую частку цырымоніі мы ўсё ж убачылі (афіцыйныя прамовы, клятвы, узняцце сцягоў, светлавое шоу, музычныя нумары). Але пакуль не запалілі агонь, народ пачаў паволі блукаць паміж дэлегацыямі. Няўрымслівыя баксёры зноў кінуліся фатаграфавацца. І толькі Макс Мірны стаяў як укапаны, ахоўваючы беларускі сцяг. Гэта да яго беглі спартсмены, здалёку запрыкмеціўшы яго раслую постаць: "О, Мірны! Можна з вамі сфатаграфавацца?" Яго ў вялізным натоўпе адшукаў нават канадзец Даніэль Нестар, з якім яны тады выступалі ў пары. Прывёў сына.
Запальванне агню і амаль усё астатняе беларускія тэлегледачы бачылі (іх пазбавілі толькі фінальных песень у выкананні Пола Макартні, перапыніўшы чамусьці трансляцыю).
Але самае сімвалічнае, на мой погляд, адбылося пазней, калі ўсё заціхла і дэлегацыі вярталася назад у вёску. Усе разам. Амерыканцы і іракцы, ізраільцяне і палестынцы, сербы і албанцы і іншыя, іншыя, іншыя — усе перамяшаліся ў стракаты, рознамоўны, але адзіны чалавечы паток. Мне здаецца, у гэтым хаосе і была ўвасоблена генеральная ідэя алімпізму: дзеці розных народаў ідуць поруч.
Гэта заўтра яны будуць супернікі. А сёння — ўсе разам.