Вера Дашкевіч, Sputnik.
Раку крыві на вуліцы Абутковай, дзікі голад і спакуслівы пах з размешчанага побач хлебазавода, а яшчэ жудасны страх падчас аблаў узгадвалі былыя малалетнія вязні на круглым стале, прысвечаным 75-годдзю ўтварэння Мінскага гета.
Мінскае гета лічыцца адным з найбуйнейшых у Еўропе і другім па велічыні пасля Львоўскага ў СССР. Крыху больш чым за два гады ў ім пабывалі больш за сто тысяч габрэяў. Прычым не толькі мясцовых. Сюды эшалонамі везлі на смерць габрэяў з Германіі, Аўстрыі і іншых еўрапейскіх краін.
Пах свежага хлеба над гета
Гісторыя Мінскага гета пачалася 19 ліпеня 1941 года. У гэты дзень на мінскіх вуліцах з'явіліся аб'явы: усім габрэям з сем'ямі прадпісвалася перабрацца ў асобны раён. На перасяленне далі пяць дзён.
"Я нарадзілася ў вялікай габрэйскай сям'і. У мамы было пяцёра дзяцей. І я добра памятаю гэты дзень — сонечны, яскравы. Мы ішлі ў гета, падымаючыся пад гару, было вельмі горача. Памятаю, што мама надзела на нас і зімовую, і летнюю вопратку, каб дзядулям і бабулям было лягчэй несці астатнія рэчы", — распавяла былая малалетняя вязніца мінскага гета Майя Крапіна.
Да 1 жніўня за калючым дротам на тэрыторыі ў адзін квадратны кіламетр сабралі больш за 80 тысяч чалавек. Несанкцыянаваны выхад за калючы дрот караўся расстрэлам.
"Я апынуўся ў гета разам з мамай, калі мне не было яшчэ і трох гадоў. Маму часта зганялі на працу, а я заставаўся адзін. Я да гэтага часу не магу зразумець, як выжыў: галодны, практычна бяздомны, днямі бадзяўся ў пошуках схованкі і ежы. А над усім гета стаяў пах свежага хлеба з хлебазавода", — падзяліўся сваімі ўспамінамі Уладзімір Трахтэнберг.
Жыццё ў гета хутка навучыла трохгадовага хлопчыка апранацца ў поўнай цемры, завязваць шнуркі на чаравіках, хутка і адразу з'ядаць усё, што ўдалося здабыць, каб ежу не адабралі старэйшыя дзеці, і самае галоўнае — не плакаць і не крычаць ні пры якіх умовах.
Расстрэлы і аблавы
Мінскае гета перажыло некалькі масавых расстрэлаў, або, як іх называлі немцы, акцый. За два дні 7-8 лістапада 1941 у гета былі забітыя 18 тысяч габрэяў, а потым, 20 лістапада — яшчэ 15 тысяч чалавек. Масавыя расстрэлы былі і ў 42-м, і ў 43-м.
Былі і будзённыя забойства. На адным з такіх расстрэлаў, паводле словаў ізраільскага гісторыка, супрацоўніка Нацыянальнага інстытута памяці ахвяр нацызму і герояў супраціву "Яд ва-Шэм" Арона Шнэера, прысутнічаў рэйхсфюрэра СС Генрых Гімлер, які ў жніўні 1941 года прыехаў з інспекцыяй у Мінск.
"Парадокс палягае ў тым, што ён, чалавек, якому падпарадкоўваліся ўсе канцлагеры, да прыезду ў Мінск ні разу не бачыў чалавечай смерці. І вось ён пажадаў убачыць адну з акцый па знішчэнні габрэяў. На расстрэле свядомасць ён не страціў, але быў вельмі узрушаны. А калі вярнуўся ў Берлін, рэкамендаваў, будучы занепакоеным за псіхалагічны стан салдат, не прызначаць у расстрэльныя каманды СС мужчын, у якіх ёсць сем'і. А таксама больш актыўна выкарыстоўваць душагубкі", — распавёў ізраільскі гісторык.
З вясны 1942 году габрэяў з мінскага гета таксама сталі знішчаць ў душагубках.
Не-пагромы і вёска Праведнікаў
У мiнскім гета былі расстрэлы, аблавы, але не было пагромаў, папраўляе былых вязняў мінскага гета ізраільскі гісторык. Пагром — гэта заўсёды стыхійныя эмоцыі і дзеянні мясцовага насельніцтва. Але беларусы, як ні спрабавалі іх справакаваць фашысты, рабаваць і забіваць суседзяў масава не ішлі.
"Да гонару беларускага народа, на тэрыторыі рэспублікі, асабліва ў межах 1939 года, ніякіх пагромаў не было. Гэта ўсё рабілася адмысловымі нямецкімі падраздзяленнямі, літоўскімі дапаможнымі часткамі, латышскай ротай, сфарміраванай у Мінску, і мясцовай досыць шматнацыянальнай паліцыяй. Але ў любым выпадку, гэта былі арганізаваныя спецпадраздзяленнi. Выбуху народнага гневу беларусаў у дачыненні да габрэяў не было", — падкрэсліў Шнэер.
Да 1 жніўня за калючым дротам на тэрыторыі ў адзін квадратны кіламетр сабралі больш за 80 тысяч чалавек. Несанкцыянаваны выхад за калючы дрот караўся расстрэлам.
Былая вязніца мінскага гета Майя Крапіна дзесяцігоддзі хадайнічае аб наданні беларускаму мястэчку Парэчча статусу вёскі Праведнікаў. Крапіна страціла ў гета ўсю сям'ю: малодшую сястру-груднічка выпадкова задушылі падчас чарговай аблавы, яшчэ адна сястра знікла без вестак, маці павесілі на Юбілейнай плошчы, дзядулю і бабулю расстралялі. Сама Крапіна разам з іншымі вязнямі збегла да партызанаў.
З гета беглі ў асноўным жанчыны, старыя і дзеці, узяць да сябе столькі небаяздольных людзей партызаны не маглі. У выніку 40 габрэйскіх дзяцей прытулілі жыхары беларускай вёскі Парэчча.
"У кожнай хаце было па аднаму дзіцяці. Мяне ўзяла беларуская жанчына, якая замяніла мне маму, вылечыла мяне. Калі ў вёску прыходзілі фашысты, нашы беларусы адводзілі нас на балоты — немцы баяліся туды ісці. Мы сядзелі там па два-тры дні, а потым нас забіралі назад. Гэта сапраўдныя героі. Яны рызыкавалі сваім жыццём, але ратавалі нас. Усе ведалі, што ў вёсцы знаходзіцца 40 габрэйскіх дзяцей, і ніхто нас не выдаў", — распавяла Крапіна.
Усе 40 дзяцей перажылі вайну. Ужо ў наш час тыя, хто дажыў да старасці, спрабавалі дамагчыся для сваіх выратавальнікаў звання Праведнікаў народаў свету, якія прысвойвае "Яд ва-Шэм". Але захаваць памяць атрымалася не пра ўсе. Крапіна разам з іншымі былымі вязнямі гета ўстанавіла ў вёсцы помнік сваім выратавальнікам са словамі падзякі. У будучыні разлічваюць, што ў мемарыяльным комплексе "Яд ва-Шэм" будуць увекавечаны імёны ўсіх беларусаў з Парэчча. Пакуль звання Праведнікаў былі ўдастоены толькі восем чалавек.
Гісторыя мінскага гета — гісторыя велізарнай трагедыі аднаго народа і высакароднасці іншага — магла б стаць падставай для адкрыцця ў Беларусі Цэнтра вывучэння Халакоста, заявіла на адкрыцці круглага стала Часовы Павераны ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Юлія Рачынскі-Співакова.
З прапановай аб стварэнні такога Цэнтра яна звярнулася да беларускіх уладаў.
"Я хацела б выкарыстаць гэтую пляцоўку для таго, каб прапанаваць Беларусі стаць пляцоўкай для стварэння Цэнтра вывучэння Халакоста. Я думаю, і гісторыя пра Праведнікаў (беларусаў, якія падчас ВАВ ратавалі габрэяў — Sputnik), і жыццё габрэйскага насельніцтва тут да вайны, і тая трагедыя, якая адбылася, служаць перадумовай, каб тэма Халакоста вывучалася тут", — заявіла Рачынскі-Співакова.