МІНСК, 20 ліп — Sputnik. Вядомы журналіст Павел Шарамет загінуў у выніку выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева, паведаміла ў сераду ўкраінскае інтэрнэт-выданне "Украінская праўда".
"У сераду раніцай у выніку выбуху машыны загінуў вядомы журналіст Павел Шарамет", — гаворыцца ў паведамленні.
Выданне паведамляе, што аўтамабіль, які належаў кіраўніку "Украінскай праўды" Алене Прытуле, выбухнуў ў цэнтры Кіева на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка.
Sputnik не валодае пакуль афіцыйным пацвярджэннем дадзенай інфармацыі.
Паўлу Шарамету было 44 гады, у апошнія гады ён жыў і працаваў на Украіне. Ён з'ехаў з Беларусі пасля таго, як быў арыштаваны падчас падрыхтоўкі рэпартажу і асуджаны па абвінавачванні ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы. У 2010 годзе быў пазбаўлены беларускага грамадзянства праз тое, што атрымаў расійскі пашпарт. Абскардзіць гэтае рашэнне ён не збіраўся, як і вяртацца ў рэспубліку пры дзеючай палітычнай сістэме.
Акрамя ўласнага праекта "Беларускі партызан", журналіст супрацоўнічаў у розны час з "Первым каналом", выдавецкім домам "Коммерсантъ", газетай "Українська правда" і шэрагам іншых. Таксама ён быў стваральнікам праекта "Гістарычная праўда" і ініцыятарам шэрагу грамадзянска-палітычных кампаній.
Свае спачуванні і шок у сувязі са смерцю вядомага журналіста ў сацыяльных сетках ужо выказалі экс-кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, філосаф Уладзімір Мацкевіч, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, а таксама шэраг іншых дзеячоў. Пра смерць Шарамета паведамілі і ўсе ключавыя расійскія СМІ — журналіст супрацоўнічаў з імі як эксперт.