МІНСК, 21 ліп — Sputnik. Беларускія сіноптыкі не могуць прагназаваць ўзнікненне смерчаў, заявіла журналістам у чацвер галоўны сіноптык Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Святлана Рыбакова.
Непагадзь на мінулым тыдні прынесла ў Беларусь навальніцы са шквалістымі вятрамі. У выніку пацярпелі населеныя пункты ў некалькіх абласцях Беларусі, больш за ўсё разбурэнняў было ў Шаркаўшчыне (Віцебская вобласць) і раён — там без дахаў засталося больш за 200 жылых дамоў. Паводле слоў сіноптыкаў, смерчы здараюцца ў рэспубліцы адзін-два разы на год, але прадказаць іх немагчыма.
"У нас, у адрозненні ад Амерыкі, няма службы, якая асобна займаецца смерчамі — яны рэдка ў нас адбываюцца. Наогул, выявіць іх можна толькі ў момант утварэння пры дапамозе радыёлакатараў. Такой тэхнікі і магчымасці ў нас няма", — патлумачыла Рыбакова.
Сіноптык таксама адзначыла, што нават у ЗША папярэдзіць аб тарнада могуць толькі за 15 хвілін. "І гэта выдатны паказчык", — сказала галоўны сіноптык Гідрамета.
"Бывалі смерчы ў Беларусі і раней — дзеля прыкладу, адзін з іх фіксаваўся ў 1997 годзе. Так што гэта не анамалія", — сказала на заканчэнне Рыбакова.
Паводле слоў прадстаўніка Гідрамета, прадказаць іншыя нетыповыя для рэспублікі ўмовы надвор'я сіноптыкі пакуль не могуць, але па магчымасці даюць папярэджанні пра шквалісты вецер і іншыя патэнцыйна небяспечныя сітуацыі.