МІНСК, 22 ліп — Sputnik. Жыхары Пінскага раёна, якія ў прыграніччы спрабавалі здабываць бурштын, аштрафаваныя на 3,25 тысячы рублёў, паведамілі Sputnik у прэс-службу Дзяржаўнага памежнага камітэта.
Чацвярых мужчын затрымалі ў Пінскім раёне 15 чэрвеня ў раёне вёскі Трушава: яны не толькі праводзілі незаконную высечку дрэў, але і з выкарыстаннем бензінавай мотапомпы, пажарных рукавоў і металічных труб рознай даўжыні спрабавалі здабыць бурштын.
"Па сукупнасці накладзеных адміністрацыйных спагнанняў агульная сума штрафаў, якія гэтыя грамадзяне павінны выплаціць, складае 3,25 тысячы рублёў", — сказалі ў прэс-службе.
Па дадзеных ГПК, мужчыны былі прыцягнутыя да адказнасці Пінскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету па ч. 2 арт. 15.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Акрамя таго, падатковая інспекцыя па Пінскім раёне за занятак прадпрымальніцкай дзейнасцю без дзяржрэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў налічыла двум парушальнікам адзіны падатак у суме 50 рублёў.