МІНСК, 22 ліп — Sputnik. Амаль кожная чацвёртая вакансія ў Мінску разлічана на зарплату да 200 даляраў па курсе, паведаміла старшыня камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяна Кудзевіч.
Банк даных вакансій у Мінску мае дзевяць тысяч вакансій. Сярод іх вольныя месцы на рабочыя спецыяльнасці — каля 44%.
"Сёння высокі попыт на мэнэджэраў, кіраўнікоў рознага ўзроўню, лекараў-спецыялістаў, малодшы медыцынскі персанал, на інжынерныя кадры. Бракуе адмыслоўцаў некаторых будаўнічых прафесій: арматуршчыкаў, бетоншчыкаў, цесляроў. У цэлым у нас на аднаго беспрацоўнага прыпадае ў сярэднім 1,1 вакансіі", — запэўніла Кудзевіч падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі.
Паводле звестак гарадскога камітэта, 70% вакансій абяцаюць заробак у 400-1000 беларускіх рублёў.
"На сённяшні дзень вакансіі з аплатай працы больш за 1000 беларускіх рублёў складаюць 2% ад агульнай колькасці прапанаваных вакансій. Гэта такія спецыяльнасці як шэф-кухар, галоўны бухгалтар, галоўны інжынер, кіраўнікі розных узроўняў. Ёсць і рабочыя прафесіі, напрыклад, прараб. Спецыялісты IT-тэхналогій таксама з'яўляюцца высокааплатнымі", — распавяла спецыяліст.
Паводле яе слоў, прэтэндэнту на высокую зарплату неабходна быць "добрым спецыялістам з вопытам работы, веданнем англійскай мовы і некаторых кампутарных праграм".