Алена Васільева, Sputnik.
Летась у межах журналісцкага эксперыменту карэспандэнт Sputnik ужо пабывала на бясплатным трэнінгу Міхаіла Казлова "Абуджэнне". За тры гадзіны лектар спрабаваў пераканаць некалькі сотняў жанчын, якія прыйшлі адкрыць у сабе багіню, і парачку мужчын, якія плануюць намацаць у сабе бізнес-жылку, што новае жыццё хто заўгодна зможа пачаць пасля платнага трэнінгу пад выразным кіраўніцтвам самога Казлова.
Нічога не прадвяшчала чарговага вітка асобаснага росту, як раптам на першым паверсе "Дома Масквы" Sputnik пабачыў знаёмы стэнд, які сігналізаваў аб тым, што чарговае "Абуджэнне" вось-вось пачнецца. Дзве сотні жанчын і, традыцыйна, некалькі мужчын зачаравана дыктавалі асістэнтцы лектара свае нумары тэлефонаў, ляпілі на грудзі кавалкі будаўнічага скотчу з надрапанымі на ім імёнамі. Хацелася пачуць сакральнае "Сіла звяртаецца да цябе!", але замест сілы да прысутных з актавай залы звяртаўся сам Казлоў. Карэспандэнт Sputnik паслухмяна паплёўся на голас.
"Калі ў цябе ў апошні раз быў сэкс?"
Вернікаў і людзей жорсткіх маральных прынцыпаў Міхаіл Казлоў папрасіў выдаліцца з аўдыторыі — маўляў, ім яго методыка абуджэння і дасягненні шчасця і гармоніі не падыйдзе.
"Я жорсткі чалавек. Пойдзеш да традыцыйнага псіхолага, ён скажа: ствары энергію, і мужык у цябе з'явіцца. Ды адкуль у Мінску ля трыццацігадовай жанчыны з'явіцца мужык для шлюбу? Да мяне прыходзілі дзяўчыны, якія заяўлялі, што "Порш Каен" і дом у Драздах яны атрымалі з дапамогай візуалізацыі. Але ў іх аднолькавыя параметры і мадэльная знешнасць. Ні адзін мужык не атрымліваў "Порш" з дапамогай візуалізацыі. Табе проста менш маральнай трэба стаць, і грошы ў цябе будуць", — паабяцаў Казлоў, і публіка збянтэжана захіхікала.
"А ў мяне дзве дзяўчыны, я не ведаю, якую абраць, і ў мяне праз гэта дэпрэсія", — падзяліўся з карэспандэнтам Sputnik сусед справа.
"А я хачу свой бізнэс", — у гэты ж час падзяліўся з Казловым мужчына з бародкай. Казлоў паабяцаў яму шчасце (пры ўмове аплаты трэнінгу) і пачаў расказваць пра сябе, пра гісторыю і вытокі свайго поспеху. Зрэшты, і без аповеду вытокі поспеху "псіхолага" былі ў наяўнасці: у асноўным, жанчыны старэйшыя за сорак, радзей — мужчыны, якія прагнуць займець уласны бізнес.
Нудзячыся, Sputnik зазірнуў праз плячо гукарэжысёра. На працоўным стале была толькі адна кампазіцыя, лаканічна названая "Вельмі жалобная музыка".
"А ў цябе калі ў апошні раз сэкс быў?" — спытаў Казлоў сціплую з выгляду дзяўчыну. Дзяўчына разгубілася і сказала, што не было. "Як, наогул не было?— не паверыў Казлоў. — Выходзь на сцэну. Зараз вы паглядзіце, як прыстойная дзяўчына пачынае лаяцца матам".
Лаяцца са сцэны было неабходна з тым, каб "пакінуць зону камфорту", і, каб не супярэчыць Закону аб СМІ і пачуццю густу, Sputnik не будзе прыводзіць стэнаграму наступных пятнаццаці хвілін трэнінгу.
"Вельмі жалобная музыка"
Казлоў пачаў распавядаць гісторыю пра падаючы над Атлантыкай самалёт. Пасажыры, якім удалося суняць паніку і прыняць свой лёс, прыняліся пісаць запіскі родным і блізкім. Казлоў правёў паралель паміж падзеннем самалёта і жыццём кожнага з прысутных. Відавочна, настаў час для "вельмі жалобнай музыкі".
"Аляксей, уключай музыку!" — запатрабаваў Казлоў. Аляксей, які пару хвілін таму стрымана ківаў, калі Sputnik спрабаваў высветліць, як менавіта змянілася яго жыццё дзякуючы лектару, запусціў кампазіцыю.
"Давайце ўявім, што можа адчуваць чалавек, якому засталося жыць не больш за пяць хвілін? Проста пасядзі і падумай. Якім жыццём ты жывеш? Ты баішся пайсці супраць іншых. Ці ты не хочаш вырашаць праблемы, спадзеючыся, што яны самі вырашацца. Калі ты быў дзіцем, уяўляў сваё жыццё па-іншаму. Хацеў быць героем, а вырас і стаў занудай. Прачнуўся, паснедаў, пайшоў на працу… і так гадамі. Няўжо ты створаны для таго, каб пражыць мёртвае жыццё?" — працягваў Казлоў голасам, якім прынята было агучваць матывацыйны ролікі ў дзве тысячы пятым.
Пакуль прысутныя рэфлексавалі, Казлоў перайшоў да галоўнага: курсы можна аплаціць на выхадзе з актавай залы. Тут усталяваную трапяткую атмасферу зламала пытанне з залы:
"А я чуў, што вы прымушалі людзей аголенымі размалёўваць адзін аднаго, і на вас нават падалі ў суд!" — на задніх шэрагах вышукаўся бунтар, які ўзяўся падарваць падмацаваны "жалобнай музыкай" аўтарытэт Казлова.
"Так, са мной чалавек судзіўся. Дамова так складзена, што калі ты на трэнінг пайшоў, а потым перадумаў, то грошы мы табе не вернем", — адказаў Казлоў. Народ пачаў абурацца — на рэкламным стэндзе выразна напісана, што калі чалавек пасля трэнінгу не адчувае яго эфекту, арганізатары вяртаюць яму ўсе грошы.
"Дзе напісана? Ах, гэта! — захваляваўся Казлоў. — Гэта стары стэнд, мы тады прадавалі адразу тры дні трэнінгу. А сёння толькі адзін, там ніякіх канфліктаў не будзе! А гэтага лысага папрасіце, калі ласка, сысці, пакуль я ахову не выклікаў!"
Народ пачаць абурацца зноў — маўляў, што гэта вы людзям права голасу не даяце. Казлоў запэўніў, што "лысы — правакатар", ходзіць сюды ўжо ў трэці раз, а ў мінулы раз, аказваецца, яшчэ і ўлёткі нейкія раздаваў. Адказчык заўважыў, што ніякіх улётак ён не раздаваў і проста жадае высветліць нюансы. Казлоў звярнуўся да апошняга аргументу — ды я на вас у суд падам! І публіка супакоілася і лішніх пытанняў больш не задавала.
"Проста вы правільная савецкая жанчына"
Бясплатна — толькі знаёмства з Казловым, сам трэнінг каштуе немалых грошай. Лектар, праўда, сцвярджаў, што грошы невялікія — усё ж, гаворка ідзе пра змяненне жыцця, прасвятленне, дасягненне вышынь і параўнальныя плюшкі.
"Ёсць тупыя і рашучыя? Устаньце. Вам першы дзень трэнінгу прадаю са зніжкай. Я заўсёды ўзнагароджваю тупых і рашучых. Астатнім — даражэй", — заявіў Казлоў.
"Міхаіл, я некалькі месяцаў таму зламала пятку, першы дзень без мыліц, усе грошы сышлі на лекі — можа, можна для вас што-небудзь зрабіць, каб таксама прайсці дзянёк трэнінгу за 660 тысяч? Мне вельмі трэба!" — узмалілася адна са слухачак. "Зламалі нагу? Гэтыя падзеі ніяк не ўплываюць на сферу грошай, проста вы правільная добрая савецкая жанчына, вам трэба стаць няправільнай, і алігархі будуць самі дарыць вам падарункі. І што, паўтара мільёны за дзень, які зменіць ваша жыццё — гэта так ужо шмат?" — не паверыў Казлоў. Жанчына запэўніла, што шмат.
Разумна падлічыўшы, што 660 тысяч лепш, чым нічога, Казлоў сказаў жанчыне з пераломам цвёрдае "Добра!" — і так, адным кіўком, зарабіў на зваротны квіток да Масквы ў плацкарце. "А ў нас тры крэдыту, можна нам таксама са зніжкай?" — узмалілася маладая пара. Казлоў дазволіў пачаткоўцам-шукальнікам поспеху прайсці трэнінг "усяго за сямсот пяцьдзясят тысяч рублёў" і дазарабіў на купэ.
"А я чытала ў каментарах у сетцы, што многім людзям вы траўміравалі псіхіку. А калі мне траўмуеце, хоць бы грошы вернеце, каб я змагла падлячыцца пасля трэнінгу?" — дачапілася да лектара цікаўны карэспандэнт Sputnik.
"Псіхіку нельга траўмаваць", — сказаў Казлоў новае слова ў псіхіятрыі. Тут жа высветлілася, што напярэдадні трэнінгу кожны ўдзельнік падпісвае дакумент, пацвярджаючы, што ён псіхічна здаровы, не ўжывае наркотыкі, не знаходзіцца ў клінічнай дэпрэсіі.
"Чакайце, мы ж тут усё хочам за дзвесце даляраў змяніць сваё жыццё — хто ж з нас здаровы?" — паспрабавала абурыцца карэспандэнт Sputnik, але яе абарвала дзяўчына ў чырвонай скураной сукенкцы, загадаўшы "гаварыць за сябе".
"Дзяўчына, а вы ўжо аплацілі трэнінг са зніжкай?" — хітра ўсміхнуўся Казлоў дзяўчыне ў чырвоным. "А я па поўным кошце пайду!" — аддана запэўніла Казлова дзяўчына ў чырвоным і загадала карэспандэнту Sputnik не перашкаджаць стасункам гуру з тымі, хто прагне лепшага жыцця.
"Я да вас не пайду, я вас баюся", — какетліва заўважыла адна з прысутных.
"А я выбіраю паміж прыватным псіхолагам і вашым трэнінгам — чым вы лепшы?" — зноў пацікавілася карэспандэнт Sputnik.
"Ой, была я ў гэтых псіхолагаў, лепш бы з сяброўкамі на кухні пасядзела", — запэўніла адна з патэнцыйных адептак Казлова.
"Ды я ведаю, што такое прыватны псіхолаг, будзе там цябе лячыць незразумела ад чаго год", — адмахнуўся Казлоў, такім чынам элегантна сфармуляваўшы тэзіс "я бяспрэчна лепшы".
Карэспандэнт Sputnik паспрабавала яшчэ крыху пагаварыць з Казловым пра пытанні выключна матэрыяльныя, але, відавочна, з'яўляючыся асобай духоўнай, ён адмовіўся адказваць на пытанне "Колькі вы зарабілі за вечар?"
Давялося пайсці, так і не абудзіўшыся.