Пакуль беларускія маркетолагі здзіўляюць спажыўца мылам, падобным да шакалада, латвійскія шакалацье робяць цуды, ствараючы асаблівы шакалад "ручной работы", які нагадвае па форме сыр і з сырным жа смакам, з жытнім хлебам, з кменам, кропам і нават з соллю.
Аксана Осіпава-Чудзінава з калегам Эвай Ратфелдэрэ былі аднымі з першых у краіне, хто стаў рабіць незвычайны шакалад і задаваць моду на шакаладную экзотыку. Яны зрабілі на невялікай вытворчасці ў Рызе шакалад, які па форме дакладна паўтарае Янаў сыр з кменам. І спакаваны ён быў гэтак жа, як і сыр. І смак шакаладу — сырны. Потым вырашылі паспрабаваць і зрабілі жоўтыя "сырныя" дражэ з арэхамі і з соллю.
Шакалад з соллю заказваюць ім нават з Ісландыі. Дасылаюць марскую соль, яе ў Рызе дадаюць у шакалад, а потым гатовы прадукт вельмі своеасаблівага густу адпраўляюць назад на радзіму вікінгаў.
"Былі і іншыя ўдалыя эксперыменты з "нацыянальнымі" смакамі. Мы зрабілі шакалад "сырнага колеру" з кропам, а да гэтага — са смакам квасу. У Прыбалтыцы вельмі любяць і хлебны суп, і хлебную слойку. Дык чаму б не зрабіць хлебны шакалад? Зрабілі!" — распавяла Аксана карэспандэнту Sputnik Латвія.
А рэдакцыя Sputnik Беларусь прапануе сваім чытачам азнаёміцца з вынікамі шакаладнага эксперыменту, каб дакладна ведаць, што трэба паспрабаваць падчас бліжэйшага падарожжа ў Рыгу.