МІНСК, 28 ліп — Sputnik. Крама "Лакамка", выкупленая СААТ "Камунарка", адкрыецца ў верасні. Адкрыццё пройдзе ўрачыста, і ўжо на наступным тыдні будзе вядомая дакладная праграма.
"Пакуль у "Лакамцы" вядзецца рамонт. Быў падрыхтаваны дызайн-праект, для стварэння якога вывучаліся старыя фатаграфіі "Лакамкі". Назва крамы "Лакамка" застаецца, таксама "Камунарка" захоўвае і асартымент. Крама славілася багатым асартыментам пірожных і тартоў — усё гэта мінчане змогуць купіць і ў абноўленай краме", — распавяла Sputnik начальнік аддзела маркетынгу і рэкламы "Камунаркі" Святлана Гонтарава.
У абноўленай краме будзе прадстаўлены асартымент не толькі "Камунаркі", але і іншых беларускіх вытворцаў кандытарскіх вырабаў. Новыя ўладальнікі плануюць працаваць з тымі ж пастаўшчыкамі, з якімі працавала ранейшая "Лакамка".
"З навін — магчымасць з камфортам выпіць кубачак гарачага шакаладу за столікам, а не стоячы, як было раней. Мы зрабілі камфортную зону з канапкамі — адзін на дваіх чалавек і яшчэ адзін — на чацвярых. Турбавацца няма пра што — абноўленая крама сустрэне выдатным рамонтам", — запэўніла субяседніца Sputnik.
Канапкі і столікі будуць такімі ж, як тыя, за якімі мінчане ўжо палюбілі адпачываць у краме "Камунарка" на Нямізе. Зараз прадумваецца дызайн формы для прадаўцоў "Лакамкі" — гэта не будуць "чырвоныя шапачкі", звыклыя па краме "Камунарка", форма прадаўцоў новага магазіна будзе вытрыманая ў шакаладных танах.
"Сетка "Камунаркі" уключае васемнаццаць магазінаў. Зараз усе супрацоўнікі "Лакамкi" працаўладкаваны ў крамах "Камунаркі". Як толькі крама адкрыецца, усе яны вернуцца ў "Лакамку", — пацвердзілі на "Камунарцы".
Над стварэннем інтэр'ера працавалі дызайнеры. Для гэтага яны вывучылі старыя фатаздымкі "Лакамкі", якіх засталося не так шмат, і стварыць наноў у абноўленай краме класічны інтэр'ер сярэдзіны мінулага стагоддзя.
"У інтэр'еры будуць падобныя жырандолі, такая ж карціна, якая вісела на сцяне шмат гадоў таму, на падлозе выкладзем такую ж мазаіку. Мы хочам зрабіць краму не толькі для пакупак, але і для сустрэч", — распавяла начальнік аддзела маркетынгу і рэкламы.
Каб канчаткова супакоіць беларусаў, усхваляваных лёсам "Лакамкі", яна дадала, што і сама — карэнная мінчанка, а таму любіць краму з не меншай сілай і праектам абноўленай "Лакамкі" задаволеная.