МІНСК, 3 жні — Sputnik. Каля шасці тысяч журналістаў будуць асвятляць летнія Алімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанейра, паведамілі Sputnik у прэс-цэнтры Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Алімпійскія гульні 2016 года пройдуць у бразільскім Рыа-дэ-Жанейра з 5 па 21 жніўня.
"Да старту Гульняў-2016 рыхтуюцца не толькі спартоўцы, але і журналісты. Як паведамілі сёння прадстаўнікі аргкамітэта на нарадзе для прэс-аташэ, асвятляць спаборніцтвы Алімпіяды ў Рыа будуць каля 6 тысяч фатографаў і пішучых журналістаў", — распавялі ў НАК.
Прадстаўнікі СМІ будуць працаваць у галоўным медыяцэнтры ў алімпійскім парку ў кластары Бара. "Тут ёсць працоўныя пакоі журналістаў, сэрвісныя цэнтры для фатографаў, крамы, пральні, кафэ, банкі", — дадалі суразмоўцы агенцтва.
У НАК адзначылі, што галоўны спартыўны тэлеканал краіны —"Беларусь 5" — будзе кругласутачна распавядаць пра Алімпіяду. "Цырымоніі адкрыцця і закрыцця пройдуць на "Беларусь 1", — удакладнілі ў прэс-цэнтры.
Sputnik Беларусь спецыяльна да Алімпіяды падрыхтаваў спецпраект "Рыа-2016", дзе можна знайсці галоўныя падзеі Гульняў, каментары экспертаў і цікавыя факты пра галоўныя старты чатырохгоддзя.