МІНСК, 3 жні — Sputnik. Чарговая дэлегацыя беларускіх спартсменаў выправілася ў Рыа, дзе ў пятніцу стартуюць Алімпійскія гульнi, перадае карэспандэнт Sputnik.
Дэлегацыя выправілася ў сераду ад штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
За медалі Рыа-2016 пазмагаюцца тытулаваныя беларускія алімпійцы: чэмпіёны папярэдніх Гульняў Кацярына Карстэн (веславанне акадэмічнае) і Максім Мірны (тэніс), сярэбраны прызёр Аляксандра Герасіменя (плаванне), бронзавыя медалісты Юлія Бічак (веславанне акадэмічнае), Марына Літвінчук і Вольга Худзенка (абедзве – веславанне на байдарцы), Іван Ціхан (лёгкая атлетыка).
Для двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі Кацярыны Карстэн Алімпіяда стане сёмай у кар'еры. У спаборніцтве лодак-адзіночак беларуска атрымлівала найвялікшую перамогу на Гульнях у Атланце-1996 і Сіднэі-2000, заваёўвала срэбра ў Афінах-2004 і бронзу ў Пекіне-2008. У гонцы чацвёрак парных падымалася ў складзе каманды СНД на трэцюю прыступку п'едэстала ў Барселоне-1992. Шостай стане Алімпіяда для Уладзіміра Самсонава (тэніс настольны), пятай – для Таццяны Драздоўскай (парусны спорт), Вікторыі Паўловіч (тэніс настольны) і Вікторыі Чайкі (стральба кулявая). Цырымонія адкрыцця Гульняў-2016 пройдзе 5 жніўня на стадыёне "Маракана". Завершыцца Алімпіяда 21 жніўня. Аднак яшчэ не ўсе беларускія спартсмены прыбылі ў Рыа, апошняя дэлегацыя выправіцца ў Бразілію 17 жніўня.