МІНСК, 7 жні — Sputnik. Дваіх жыхароў Клімавічаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за незаконнае паляванне — мужчыны вырашылі пастраляць па в'етнамскіх свінках мясцовага фермера, якія збеглі з загону, паведамілі Sputnik у Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Паляўнічых выявілі інспектары Магілёўскай міжрэгіянальнай інспекцыі на полі каля вёскі Слабодка на тэрыторыі фермерскай гаспадаркі.
"Адзін з іх — сын мясцовага фермера, другі — яго сябра-паляўнічы. Апошні зладзіў стральбу з карабіна па в'етнамскіх свінках, якія пасвіліся на полі. Некалькі дзясяткаў гэтых жывёл каля месяца таму збеглі з загону фермерскай гаспадаркі", — сказалі ў інспекцыі.
Там таксама паведамілі, што такім чынам сын фермера вырашыў вярнуць "сваю маёмасць".
"Дзеянні паляўнічага былі расцэненыя інспектарамі як незаконныя, паколькі ніякіх дакументаў, якія дазваляюць яму паляваць на дадзенай тэрыторыі, мужчына не меў", — паведамілі суразмоўцы Sputnik. Акрамя таго, землі фермерскай гаспадаркі з'яўляюцца часткай паляўнічых угоддзяў.